Чэхія зробіць даступнай шэнгенскую візу для моладзі, актывістаў і дэмсіл Беларусі

Чэхія мае намер зрабіць больш даступнай шэнгенскую візу для беларускай моладзі, грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Аб гэтым гаворыцца ў лісце, накіраваным Аляксандру Мілінкевічу намеснікам прэм'ер-міністра Чэхіі Аляксандрам Вондрам, паведамляе прэс-служба беларускага палітыка.

"Чэхія будзе прытрымлівацца гнуткага падыходу ў выдачы шэнгенскіх віз, – гаворыцца ў лісце. – Павелічэнне кошту віз не закране моладзь, грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл".

У лісце паведамляецца, што "змяніць правілы выдачы віз можна толькі на аснове двухбаковай дамовы ЕС і вызначанай краіны, як гэта было зроблена ва Украіне і плануецца ў Малдове". "Сённяшняе кіраўніцтва Беларусі, на жаль, не падрыхтаванае да падобных перамоў", – зазначыў у лісце чэшскі палітык.

А . Вондра таксама адзначыў імкненне Аляксандра Мілінкевіча наладзіць дыялог з беларускімі ўладамі і накіраванае для гэтага Аляксандру Лукашэнка ліст з заклікам адсвяткаваць разам Дзень волі 25 сакавіка. "Пагрозы, якія вы атрымалі замест адказу на ваш ліст, паказалі, хто ў вашай краіне адчувае рэальную адказнасць за лёс і дабрабыт суайчыннікаў, – гаворыцца ў лісце. – Рэжым зноў паказаў няўпэўненасць у сваіх сілах і няздольнасць кіравацца задачамі, выкананне якіх звычайна патрабуецца ад палітыкаў".

Намеснік чэшскага прэм'ер-міністра запэўніў А.Мілінкевіча ў зацікаўленасці Чэхіі ў лёсе беларускай дэмакратыі. "Беларусь, дэмакратычныя сілы і Вы асабіста маеце ў Чэхіі мноства натхнёных прыхільнікаў", – адзначыў А. Вондра.

naviny.by

‹‹ на галоўную | у архіў