Малая Рада “Бацькаўшчыны” абмеркавала захады па захаванні Беларускага дому і бягучыя пытанні дзейнасці Згуртавання

24 сакавіка адбылося пасяджэнне Малой Рады Згуртавання “Бацькаўшчына”. Паводле статуту такія пасяджэнні мусяць адбывацца двойчы ў год. На радзе была заслухана і ўхвалена фінансавая справаздача дзейнасці “Бацькаўшчыны”, зацверджаны план дзейнасці Згуртавання на бягучы год.

Сярод запланаваных мерапрыемстваў – арганізацыя творчых сустрэч беларускіх пісьменнікаў, канцэртаў і выстаў у рэгіёнах Беларусі і замежжы; маніторынг забеспячэння правоў чалавека і інтарэсаў беларускай нацыянальнай меншасці ў замежных краінах; даследаванне стану беларускай дыяспары. А таксама інфармаванне беларускай дыяспары аб сітуацыі з законам аб беларусах замежжа і дзейнасці Згуртавання ў гэтым накірунку; інфармацыйна-метадычная дапамога суполкам дыяспары; дапрацоўка электроннай бібліятэкі беларускай дыяспары; працяг выдання серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” і шэраг інш. Таксама сябры Рады былі праінфармаваны пра бягучую працу аб’яднання і апошнія падзеі, звязаныя з ператрусам на кватэры, дзе “Бацькаўшчына” часова захоўвала частку архіваў дыяспары і кнігі. Сябры Рады выказалі сваё абурэнне дзейнасцю міліцыі і людзей у цывільным.

Малая Рада выказала занепакоенасць у сувязі з сітуацыяй з Беларускім домам, далейшым лёсам унікальных кніг і матэрыялаў з архіва і бібліятэкі “Бацькаўшчыны”, а таксама адсутнасцю нармальных умоваў для дзейнасці Згуртавання. Усё гэта вынік невыканання гарадскімі уладамі ўзятых на сябе абавязкаў, а таксама Пастановы Савета Міністраў Беларусі. Радай была падтрымана прапанова Ніла Гілевіча звярнуцца да міжнародных арганізацый з просьбай аб падтрымцы.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
‹‹ на галоўную | у архіў