Аўтар мульцікаў пра Аляксандра Лукашэнку будзе прасіць палітычны прытулак
У 2005 годзе ў сеціве з’явіліся сатырычныя мульцікі пра прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Пазней за гэтых мульцікі па факце “распаўсюду інфармацыі, якая ганьбіць гонар і годнасць прэзідэнта Беларусі” была ўзбуджаная крымінальная справа. Аўтары, не чакаючы развязкі, раз’ехаліся па памежных з Беларуссю краінах. Нядаўна гісторыя атрымала працяг. 25 сакавіка адзін з стваральнікаў мульцікаў Андрэй Абозаў быў затрыманы ў Цверы.
Яго знялі з цягніку Цвер – Талін. Міліцыянты паведамілі Андрэю Абозаву, што ён знаходзіцца ў федэральным вышуку як небяспечны злачынца. Андрэй распавёў, што хаваецца ад палітычнага пераследу беларускіх уладаў за сатырычныя мультфільмы палітычнага зместу. Міліцыянты яму ня верылі, пакуль не атрымалі факс з Мінску, які пацвердзіў інфармацыю хлопца.
І ў судзе пастанавілі, што затрыманы не можа быць выдадзены беларускім праваахоўным ворганам, бо ў расійскім Крымінальным кодэксе няма такога артыкулу. Акрамя таго па словах Андрэя Абозава, справа “мультклуба” прызнаная ў Расіі палітычнай і знаходзіцца пад кантролем расійска-беларускай праваабарончай камісіі пры прэзідэнце Расійскай федэрацыі.
26 сакавіка Абозаў быў пад аховай дастаўлены да эстонскай мяжы.
На дадзены момант, Андрэй Абозаў, які стала жыве ў Эстоніі рыхтуецца да здачы іспыта па эстонскай мове і збіраецца прасіць палітычнага прытулку.
З астатніх арганізатараў “мультклуба” Алег Мініч жыве ў Расіі, а Павал Марозаў таксама ў Эстоніі.
Паводле Радыё “Свабода”, www.naviny.by і БелаПАН
|