Спыніў выхад «Витебский курьер»

На Віцебшчыне спыніла выхад перадапошняя незалежная газета. У аўторак не пабачыў свет чарговы нумар газеты «Витебский курьер М». Абласная друкарня адмовілася друкаваць газету з прычыны запазычанасці. Галоўны рэдактар «Курьера» Уладзімір Базан кажа, што гэтая запазычанасць не такая ўжо і вялікая: “Дзяржвыданні маюць куды больш вялікія пазыкі, і ніхто не думае спыняць іх выхад”, – адзначае сп. Базан.

У астатніх гарадах Віцебскай вобласці таксама адмовіліся друкаваць незалежную газету. Апошняя надзея зараз на смаленскія друкарні. Але рэдактар адзначае, што не ўяўляе, як будзе дастаўляць тыраж. Пытанні і ў грашах. “У мяне няма аптымізму па гэтай справе”, – кажа Уладзімір Базан.

Такім чынам, цяпер на Віцебшчыне засталася толькі адна незалежная газета — “Вольнае Глыбокае”. Мінулым летам выхад перапыніў наваполацкі “Химик”, цяпер — “Витебский курьер”.

Паводле “Нашай нівы” (www.nn.by)
‹‹ на галоўную | у архіў