Вынікі першага года дзейнасці Беларускага моладзевага руху Амерыкі
Вынікі першага года дзейнасці падвялі ў Беларускім моладзевым руху Амерыкі. 25 сакавіка 2006 года яны арганізавалі першую самастойную дэманстрацыю ля будынка ААН у Нью-Йорку.
Як узгадваюць прадстаўнікі руху, салідарнасць з пікетоўцамі выказаў сп. Антон Шукелойць, старшыня і заснавальнік БАЗА, які прысутнічаў на пікеце. Уражаныя самаахвярнасцю маладых, якія зладзілі намётавы гарадок на плошчы Каліноўскага ў Мінску, згуртаванне беларусаў, што і дагэтуль актыўна займаліся адраджэнскай справай ў замежжы, вырашылі стварыць моладзевы рух. Ягоная праца павінна была быць накіравана на дапамогу моладзі ў Беларусі, на з’яднанне беларускай моладзі ў ЗША і на адраджэнне роднай мовы і культуры.
10 чэрвеня 2006 года распачалася праца афіцыйнай старонкі суполкі ў сеціве. (www.belmov.org) 18 чэрвеня з ініцыятывы сябраў руху была скончана праца над афіцыйным сайтам Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы – БАПЦ (www.belaoc.org)
Улетку было праведзена 2 пікеты пратэсту ля будынку расейскага консульства ў Нью-Йорку.
У ліпені Беларускі Моладзевы Рух разгарнуў акцыю, накіраваную на ўздым хвалі беларускага адраджэння ў сеціве Інтэрнэт. Мэтай акцыі з’яўляецца дапамога некамэрцыйным арганізацыям, рухам і проста сумленным людзям у стварэнні інтэрнэт-старонак, сайтаў і парталаў на беларускай мове. У рамках праграмы аказана падтрымка ў стварэнні больш чым 40 беларускамоўных сайтаў, уключаючы сайты гарадоў, грамадскіх арганізацыяў, партыяў, палітыкаў, ініцыятываў.
2 верасня сябры Руху прынялі ўдзел у 27-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая адбылася ў Нью-Брансвіку (штат Нью-Джэрсі). Пры падтрымцы сяброў Руху была зладжана мастацкая выстава, у якой прынялі ўдзел выдатныя беларускія мастакі. Упершыню грамадству была прадстаўлена скульптурная кампазіцыя – помнік Васілю Быкаву, які быў выкананы беларускім скульптарам і мастаком Алесем Шатэрнікам. Сябры Руху разам з беларускай дыяспарай Амерыкі прыклалі шмат намаганняў, каб здабыць сродкі, зрабіць і прывесці гэты помнік ў Нью-Йорк. Гэты помнік – першы крок у ЗША на шляху ўвекавечвання памяці вялікага беларуса Васіля Быкава. З 10 па 24 верасня ў Музеі сучаснага рускага мастацтва пры падтрымцы руху прайшла мастацкая выстава беларускага жывапісу.
2007 год:
20 студзеня быў праведзены пікет ў падтрымку дэмакрaтыі на Беларусі. Акцыя ладзілася сумесна і ў падтрымку Маладога Фронту і іх зняволенага лідэра Змцера Дашкевіча. 27 студзеня Беларускі Моладзевы Рух Амерыкі ахвяраваў тэлевізар “Міцубісі” для грамадскай залі Сабора святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне. 18 лютага ў грамадскай залі Сабора святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне сябры руху зрабілі прэзентацыю фільма Юрыя Хашчавацкага “Плошча”. 25 сакавіка Беларускі Моладзевы Рух Амерыкі правёў святочную дэманстрацыю з нагоды 89-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ля будынка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Йорку.
Трэба адзначыць удзел сяброў Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі ў рамонце і аднаўленні царквы святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне і ў правядзенні мастацкіх выставаў у Грамадскай залі пры Саборы. Таксама на працягу ўсяго года ішла штодзённая тэхнічная падтрымка няўрадавых арганізацыяў Беларусі.
Паводле Belmov.org
|