У “Таварыстве Беларускай Культуры” ў Літве адзначылі Дзень волі

24 сакавіка ў “Таварыстве Беларускай Культуры” ў Літве (ТБК) адзначылі самае вялікае свята для кожнага нацыянальна-свядомага беларуса – Дзень Волі. Заля ўпрыгожана ў бел-чырвона-белым стылі, на сцяне надпіс “25 сакавіка 2007 год”, побач бел-чырвона-белы сцяг, а на стале такія ж ружы. Упрыгожваннем і дызайнам займалася мастачка Хрысціна Балаховіч. Сабралася поўная зала народу, сярод іх вядомыя літоўскія дзеячы, інтэлігенцыя.

Распачаў урачыстасць старшыня ТБК Хведар Нюнька, ён распавёў пра гістарычныя падзеі 1918 года, адзначыў, што, на жаль, і сёння Беларусь не вольная і не дэмакратычная краіна. Напрыканцы свайго выступлення старшыня зачытаў віншавальны ліст ад прэзідэнта рады БНР Івонкі Сурвіллы, а пасля ўсе прысутныя разам праспявалі гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

З віншаваннямі выступіў дырэктар фонду абароны грамадзян Літвы Стасіс Каўшыніс. Ён адзначыў, што 25 сакавіка для беларусаў, як і 16 лютага для літоўцаў, якое адзначаецца дзяржавай як нацыянальнае.

У другой частцы святочнай імпрэзы адбылася прэзентацыя апошняй кнігі пісьменніцы Вольгі Іпатавай “Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба”, у якой адлюстроўваюцца гістарычныя падзеі ХIV ст., калі за хрысціянскую веру былі закатаваныя вернікі беларусы – Антоній, Еўстафій, Іаан. Таму, вядома, кніга цікавая для беларусаў Вільні, для тых, хто цікавіцца гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, каму не абыякава мінулае і будучыня Радзімы.

Вольга Міхайлаўна – вядомая пісьменніца, аўтарка гістарычных раманаў, грамадская дзеячка, уваходзіць у вялікую раду “Бацькаўшчыны”, з’яўлялася старшынёй Саюза пісьменнікаў у вельмі складаны і неспрыяльны для беларускасці час, але ж Вольга Міхайлаўна мужна змагалася і змагла захаваць Саюз. Сёння імя пісьменніцы вядома далёка па-за межамі Беларусі, як Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Уладзімера Караткевіча, Уладзімера Арлова.

Пісьменніца распавяла пра доўгую, нялёгкую працу над кнігай. Далей прачытала свае вершы, прысвечаныя Васілю Быкаву, які першым заўважыў яе талент, падтрымаў і надрукаваў першыя вершы ў “Гродзенскай праўдзе”, адказала на пытанні слухачоў. Ім было цікава ўсё – і творчыя планы, і апошнія падзеі ў Беларусі, а Вольга Міхайлаўна аб’ехала ўсю Беларусь, яе запрашаюць, кнігі не залежваюцца на паліцах кнігарняў. Жадаючыя віленчукі-беларусы набылі кнігу пісьменніцы з дыдыкацыяй.

Леакадзія Мілаш, Вільня
‹‹ на галоўную | у архіў