Дзень Волі ў Севастопалі
Дождж не перашкодзіў правядзенню мітынгу ў гонар 89-гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Мітынг адбыўся на лесвіцы, якая вядзе да помніка беларусу капітан-лейтэнанту А.Казарскаму. Луналі беларускія бел-чырвона-белыя сцягі і ўкраінскія жоўта-блакітныя, сцяг Еўразвязу. На расцяжцы было напісана: “Жыве Беларусь! Свабода! Незалежнасць! Дзяржаўнасць!”
Святар ўкраінскай аўтакефальнай царквы айцец Ігар дабраславіў мітынг. У выступленнях прагучала падтрымка незалежнай дэмакратычнай еўрапейскай Беларусі. Выступілі старшыня таварыства “Пагоня” Валеры Барташ, старшыня таварыства саюза ўкраінак Багдана Процак, марскі афіцэр ў адстаўцы літовец Валдас Трумпікас. Старшыня таварыства “Пагоня” ўручыў актыўнаму ўдзельніку таварыства, другому намесніку, украінцу Алегу Саўчанка значкі “Пагоня” і “бел-чырвона-белы сцяг”. Прагучаў верш М.Багдановіча “Пагоня”, малітва за Беларусь.
Усіх свабодалюбівых беларусаў Беларусі і замежжа віншуем з Днём Волі. Слава героям пл. Каліноўскага сакавіка 2006 года, слава ўсім, хто ідзе супраць рэжыму. Будзем годнымі нашчадкамі нашых свабодалюбівых продкаў, якія аддалі жыццё за свабоду нашай зямлі.
Інфармацыя пра мітынг у Севастопалі і Мінску была аператыўна распаўсюджана радыётелекампаніяй Ваена-Марскіх сіл Украіны “Брыз”.
Пагоні не разбіць, не спыніць, не стрымаць!
Валер Барташ, Старшыня севастопальскага таварыства беларусаў “Пагоня”
|