Распачаўся збор подпісаў за перайменаванне Сувораўскай вучэльні ў Мінску

Грамадзяне Беларусі распачалі кампанію па збору подпісаў за перайменаванне Сувораўскай вайсковай вучэльні ў Мінску. У замен яны прапануюць надаць ёй імя вядомага вайсковага дзеяча ВКЛ Канстанціна Астрожскага.

Ініцыятары збору подпісаў адзначаюць: “Для нашага народа А. Сувораў з'яўляецца акупантам і катам, які крывава падаўляў паўстанні беларускага народа, здзяйсняючы захопніцкія планы Расійскай імперыі. Ушанаванне імя гэтага чалавека – ганьба для беларускай нацыі, здзек над памяццю нашых продкаў. У беларускай гісторыі дастаткова вайсковых дзеячаў і герояў, імем якіх па праву павінны ганарыцца будучыя афіцэры суверэннай Беларусі. Прапануем назваць вайсковую вучэльню ў гонар дзяржаўнага і вайсковага дзеяча нашай старадаўняй дзяржавы Канстанціна Астрожскага (1460-1503), які атрымаў перамогі ў 63 бітвах з ворагамі краіны”.

У лісце падкрэсліваецца, што “К. Астрожскі не меў сабе роўных у змаганні з чужынцамі. Яго служба Радзіме стала ўзорам вайсковай чыннасці. Цяжка нават выславіць усю дзейнасць гэтага чалавека. За сваё жыццё К.Астрожскі збудаваў шмат цэркваў, манастыроў, шпіталяў і школ”. “Не было такога вайсковага дзеяча, які б усё жыццё так прыгожа і годна аддаў Айчыне”, – так завяршаюць ліст арганізатары збору подпісаў за перайменаванне.

Ліст ініцыятараў,а таксама сабраныя подпісы грамадзян будуць накіраваныя прэм'ер-міністру Рэспублікі Беларусь Сяргею Сідорскаму і міністру абароны Рэспублікі Беларусь генерал-палкоўніку Л.Мальцаву.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
‹‹ на галоўную | у архіў