Гадавіна смерці Кастуся Каліноўскага
Учора споўнілася 143 года, як быў пакараны смерцю адзін з кіраўнікоў антырасійскага паўстання Кастусь Каліноўскі. Гэта адбылося 22 сакавіка 1864 году ў Вільні на Лукіскай плошчы.
Распавядае сведка падзеяў І.Нікоцін: “Я не адважыўся пайсці паглядзець на гэта ўзрушальнае відовішча, але тыя, хто там быў, расказвалі, што Каліноўскі быў бландзін, з рэзкімі, хоць і досыць выразнымі рысамі твару; ішоў на пакаранне смелаю хадою, стаў прама да шыбеніцы і падчас чытання прысуду, дзе яго назвалі дваранінам, гучна прамовіў: “Дваранаў няма, мы ўсе роўныя”. Унутранае яго хваляванне выбівалася вонкі толькі ў тым, што ён як бы машынальна абводзіў навакольны натоўп вачыма, а можа, ён адшукваў там кагосьці са сваіх сутаварышаў, жадаючы даць зразумець яму якім-небудзь знакам, што таямніцу пра іх нясе ён з сабою ў магілу...”
Так з годнасцю і адвагай сустракаў смерць у 26 год адзін з найлепшых сыноў Беларусі, які, валодаючы незвычайнымі якасцямі характару, стаўся сапраўдным Месіяй, вызваліцелем для беларускага народа.
У гэты ж дзень у 1994 годзе Вярхоўны савет Рэспублікі Беларусь 12-га склікання зацвердзіў вышэйшую ўзнагароду краіны, ордэн Кастуся Каліноўскага. У ноч на 22 сакавіка 2006 году, падчас моладзевай акцыі пратэсту, Кастрычніцкі пляц Мінску абвясцілі пляцам Кастуся Каліноўскага.
Паводле zbma.net і Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|