Беларусь страчвае Інтэрнэт-крамы

На думку Інтэрнэт-гандляроў, у хуткім часе Інтэрнэт-крамы ператворацца ў звычайныя гандлёвыя кропкі. З 20 сакавіка ў Беларусі пачала дзейнічаць новая Пастанова Савета Міністраў, паводле якой гандляваць у Інтэрнэце стала значна цяжэй.

Займацца продажам праз Інтэрнэт могуць толькі юрыдычныя асобы, іх сайты павінны быць зарэгістраваны Дзяржаўным цэнтрам бяспекі, мець нацыянальны дамен і захоўваць інфармацыю на серверы, які знаходзіцца ў Беларусі. Таксама ў кожнай Інтэрнэт-крамы павінна быць рэальнае гандлёвае памяшканне.

На выкананне ўсіх гэтых патрабаванняў адведзены адзін месяц.

Распавядае ўладальнік Інтэрнэт-крамы Аляксандр, якая займаецца гандлем камп’ютэрнай тэхнікі: “З першага красавіка стане яшчэ горш працаваць, і гэта адаб’ецца на кішэні спажыўцоў у сувязі з увядзеннем падатку з продажу. Казаць тут няма пра што, усё навокал дрэнна, так як у чалавека па Канстытуцыі ўжо няма права на выбар.

Яму навязваюць, у якім дамене яму знаходзіцца і чым займацца. Да таго ж таварная група, у якую ўваходзіць камп’ютэрная тэхніка, павінна будзе прадавацца толькі на гандлёвых аб’ектах, а не ў інтэрнэт-крамах.

Гэта прывядзе да зніжэння колькасці інтэрнэт-крамаў, што ў сваю чаргу стане прычынай скарачэння існуючых працоўных месцаў і прывядзе да павелічэння колькасці беспрацоўных”.

Але ж на думку супрацоўніка Інтэрнэт-крамы Артура, большыя складанасці выклікае той момант, што як толькі тавар пачынае прадавацца з гандлёвай кропкі, ён аўтаматычна падпадае пад яшчэ адну пастанову. Распавядае Артур: “Ёсць яшчэ і гэта пастанова па гандлю індывідуальнымі прадпрымальнікамі бытавой тэхнікай, якая напрамкі не тычыцца інтэрнэт-крамаў, але ж так як інтэрнэт-крамы павінны мець сваю гандлёвую кропку, мы яшчэ і яе павінны выконваць.

Атрымліваецца наслаенне адной пастановы на другую. Адназначна будзе падаражанне. Насамрэч, змены, якія тычацца таго, што абавязкова трэба мець гандлёвую кропку і плаціць фіксаваную стаўку, не такія складаныя. У любой дзірцы можна за капейку знайсці месца, выставіць там узоры і далей працаваць, падвялі Інтэрнэт-крамы пад рознічны гандаль. Але тое, што ўсё ўскладняецца – гэта дакладна, таму што пачнуць усё гэта правяраць, торгаць.

У нашай краіне нічога проста так не робіцца. Калі ўважліва прачытаць практычна любую нашу пастанову, усюды ў кантэксце вы ўбачыце: “Спадарства, грошы аддайце!”. За што – незразумела, але грошы аддайце”.

Яшчэ сёння ў Інтэрнэце трапляюцца крамы з ненацыянальнымі даменамі. На пытанне, ці з’явіліся якія-небудзь праблемы з увядзеннем новай пастановы адказвае ўладальнік Інтэрнэт-крамы, электроны адрас якой заканчваецца даменам COM: “Пакуль што няма. Як з’явяцца – адразу адчуем. Мы ў бліжэйшы час збіраемся змяняць дамен. Таму, я думаю, нічога страшнага за гэты тыдзень не адбудзецца”.

З'явіліся і першыя магчымыя ахвяры новаўвядзенняў. Напрыклад, так і не атрымалася трапіць на сайт baobab.shop.by, які не так даўно гандляваў мабільнымі тэлефонамі. Па невядомых прычынах ён зараз зачынены…

На пытанне, да чаго вядуць такія змены, адказвае ўладальнік Інтэрнэт-крамы, які пажадаў застацца невядомым: “Калі выконваць усе законы так, як яны ёсць, то маё разуменне такое, што інтэрнэт-крамаў увогуле не будзе ў Беларусі. Гэта будзе нерэнтабельна. Нават не тое што нерэнтабельна, проста нельга будзе займацца гандлем у інтэрнэт-крамах. Будзе гандаль толькі на гандлёвых кропках”.

Паводле Еўрапейскага радыё для Беларусі (www.belradio.fm)
‹‹ на галоўную | у архіў