"Перспектыва" пачынае збор подпісаў за адмену прэзідэнцкага ўказу

Старшыня рады прадпрымальніцкага аб’яднання "Перспектыва” Анатоль Шумчанка 20 сакавіка паведаміў, што арганізацыя пачынае кампанію па зборы подпісаў за адмену прэзідэнцкага ўказу ад 29 снежня 2006 года.

Шумчанка назваў кампанію "па сутнасці агульнанацыянальнай".

"Мы вырашылі, — сказаў ён, — што лагічным завяршэннем гэтай кампаніі будзе перадача падпісных лістоў прадстаўнікам улады на мітынгу індывідуальных прадпрымальнікаў, які "Перспектыва" плануе правесці ў першых днях чэрвеня. Мы чакаем, што ў ім возьмуць удзел прадпрымальнікі з усіх рэгіёнаў краіны.

Паводле Шумчанкі, калі ўлады не прыслухаюцца да патрабаванняў прадпрымальнікаў, "краіну чакае паўтор падзеяў 2005 года, калі на Кастрычніцкую плошчу выйшлі тысячы прадпрымальнікаў".

У звароце да прэзідэнта "Перспектыва" адзначыла, што "ўказ № 760 стаў горкім расчараваннем, ударам у спіну для сотняў тысячаў грамадзянаў".

— Ваша рэпутацыя і народная падтрымка, — сцвярджаюць аўтары звароту, — пастаўленыя пад сур’ёзную пагрозу. Бо гэта ваш подпіс стаіць пад дакументам, што з 2008 года зробіць дзейнасць большасці прадпрымальнікаў невыканальнай. Ён выкліча сацыяльнае напружанне ў рэгіёнах, якія і без таго адчуваюць праблемы са стварэннем новых рабочых месцаў.

Дзеля абмеркавання ўказу "Перспектыва" прапануе сустрэчу прадпрымальнікаў з Аляксандрам Лукашэнкам да заклікае яго "прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў, якія распрацоўваюць антыканстытуцыйныя і антысацыяльныя нарматыўна-прававыя акты, што пазбаўляюць грамадзянаў Беларусі іх законнага права на працу".

Паводле Радыё "Рацыя" (www.racyja.com)
‹‹ на галоўную | у архіў