Заява
Управы Міжнароднага грамадскага аб’яднання
“Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”

16 сакавіка каля 15.00 супрацоўнікамі міліцыі і людзьмі ў цывільным быў учынены ператрус на прыватнай кватэры, дзе часова захоўвалася частка маёмасці, у тым ліку кнігі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і архівы дыяспары.

Згуртаванне вымушана захоўваць маёмасць у розных месцах у сувязі з тым, што са жніўня 2006 г. на сядзібе вядзецца капітальны рамонт. Не гледзячы на шматлікія захады як самой “Бацькаўшчыны”, так і суполак дыяспары, а таксама вусныя абяцанні гарадскіх уладаў паспрыяць у атрыманні адпаведнага памяшкання на час рамонту, аб’яднанне да гэтага часу вымушана працаваць без сталага офісу.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае абурэнне з прычыны беспадстаўнага ператрусу маёмасці і канфіскацыі кніг Ю.Туронка, Ю.Віцьбіча, З.Касмовіча, якія былі перададзены на захаванне прадстаўнікамі беларускай дыяспары.
Мы выказваем падзяку арганізацыям і асобам, якія падтрымліваюць Згуртаванне ў гэтых складаных варунках.
Відавочна, што ўчынены ператрус не з’яўляецца выпадковым, а ёсць чарговым крокам з боку ўладаў у стварэнні перашкодаў працы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

Лічым, што гэтае здарэнне не паспрыяе ўмацаванню стасункаў дзяржавы з беларускай дыяспарай.

19 сакавіка 2007 г.

‹‹ на галоўную | у архіў