“Правы альянс” правёў акцыю супраць будаўніцтва храма ў гонар Суворава
У Кобрыне адбылася акцыя незарэгістраванай арганізацыі “Правы Альянс”. Акцыя была прымеркаваная да распачатага будаўніцтва царквы-мемарыяла ў гонар расійскага палкаводца Аляксандра Суворава.
У рамках акцыі дэмакратычныя актывісты павесілі на ўездзе ў Кобрын чатырохметровую расцяжку, на якой было напісана: “Сувораў – кат беларускага народу”. Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Правы Альянс” з Мінска, Брэста і Кобрына перадалі петыцыю на імя старшыні Кобрынскага райвыканкама Кенду М.А. з патрабаваннем спыніць будаўніцтва храма ў гонар Суворава і просьбу годна ўшанаваць ураджэнца берасцейшчыны – генерала Тадэвуша Касцюшку. Пазней актывісты на месцы распачатага будаўніцтва царквы ўсталявалі шыльду супраць ушанавання гэтай будоўляй памяці ката беларускага народу.
Пры гэтым у цэнтры горада было раздадзена каля 2 тысяч улётак, якія распавядаюць сапраўдныя “дасягненні” і “подзвігі” Суворава і яго “цуда-багатыроў” у Беларусі.
Спасылаючыся на Энцыклапедыю “Беларусь” (Мінск,1995) там было напісана: “Крывава падаўляючы паўстанні беларускага народа, Сувораў праславіў сябе масавымі забойствамі хрысціян-беларусаў, палякаў, рускіх. У 1794 годзе царскія войскі пад яго кіраўніцтвам ажыццяўлялі на нашай зямлі карную аперацыю па падаўленню паўстання нашых продкаў. Гэта паўстанне ўзначаліў ураджэнец берасцейшчыны, наш зямляк па духу і па крыві Тадэвуш Касцюшка. … І якому, да нашай ганьбы, на роднай зямлі не знаходзіцца годнай памяці. … Кульмінацыя гэтай крывавай бойні настала ў прадмесці Варшавы – Празе, куды адступілі беларуска-польскія паўстанцы. Там т.зв. “цуда-багатыры” Суворова – выразалі ўсё мірнае насельніцтва, суправаждаючы ўсё гэта масавым гвалтам і катаваннямі. На штыкі “сувораўцы” – нанізвалі немаўлятаў…” І аўтары ўлёткі дадаюць: “Для любога нармальнага беларуса, які ведае гісторыю свайго народа “сувораўцы” з’яўляюцца сінонімам “гітлераўцы”. Шанаванне памяці акупантаў – ганьба нам і нашай гісторыі.
У Беларусі будуць стаяць музеі і помнікі нашым героям і патрыётам!”
Сябры незарэгістраванай арганізацыі адзначылі, што яны і надалей будуць бараніць гонар Айчыны ўсімі даступнымі сродкамі і не дапусцяць ганьбавання памяці нашых продкаў.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|