Павіншуй палітвязня з Днём Волі
Гарадзенскія сябры Беларускага хельсінскага камітэта заявілі пра акцыю "Павіншуй палітвязня з Днём Волі 25 сакавіка". Гэта працяг кампаніі "Салідарнасць з палітвязнямі" ў Беларусі.
У інтэрнэце распаўсюджваецца спіс, на якім змешчаныя прозвішчы беларускіх палітвязняў і адрасы, дзе яны цяпер знаходзяцца, куды можна адпраўляць віншаванні. Гэта Аляксандар Казулін, Мікалай Аўтуховіч, Дзьмітры Дашкевіч, Юры Леонаў, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Артур Фінькевіч, Кацярына Садоўская.
Галоўны ініцыятар акцыі Раман Юргель, прыхільнік Аляксандра Казуліна, шляхам гэтых дзеянняў імкнецца данесці да большай часткі грамадства інфармацыю, што ў краіне ў турмах сядзяць палітычныя праціўнікі сённяшніх уладаў.
Р.Юргель кажа: "А.Казулін сядзіць у турме, 53 дні ён галадаў і гэта не мае ніякая водгуку ў грамадстве. Няма ў Беларусі незалежных СМІ, толькі дзяржаўныя, якія замоўчваюць факты. Такім чынам мы прыгадаем, што былы кандыдат у прэзідэнты сядзіць за кратамі. Мне хочацца, каб гэтую акцыю падтрымалі партыйныя і непартыйныя структуры і ўсе арганізацыі NGO. Каб усе слалі тэлеграмы, паштоўкі, кнігі. Каб рэжым таксама гэта бачыў".
Раман Юргель прапануе любую нагоду выкарыстаць дзеля таго, каб аказаць маральную падтрымку зняволеным заключаным па палітычных матывах. Ён лічыць, што акцыя будзе распаўсюджвацца шляхам "З рук у рукі" ды праз інтэрнэт.
Р.Юргель: "Прыходзіцца прапанаваць і суседзям і знаёмым напісаць палітвязням. Яны кажуць, што напішуць, але ці сапраўды так будзе, залежыць ад сумлення чалавека. Людзі ў Беларусі апалітычныя і пасіўныя. Гэта не палякі і не літоўцы – там грамадства больш актыўнае ў палітыцы і ў сацыяльным жыцці.
Падробная інфармацыя на сайце www.belhelcom.org
Паводле Польскага радыё для замежжа
|