Яшчэ ў трох месцах памянуць ахвяраў сталінскага рэжыму

Па рашэнні грамадскага аргкамітэту па ўвекавечанні памяці ахвяраў рэпрэсіяў, акцыі пройдуць 29 сакавіка ў трох месцах сталіцы — ва ўрочышчы Курапаты, парку Чэлюскінцаў і на ўскраіне мінскага мікрараёна Лошыца.

Паводле сакратара аргкамітэта Уладзіміра Раманоўскага, на працягу гэтага тыдня неабходна завяршыць стварэнне абласных аргкамітэтаў і складанне спісу месцаў масавых расстрэлаў ахвяраў сталінізму 1920-1940 гадоў на тэрыторыі Беларусі па матэрыялах даследаванняў вучоных і інфармацыі з месцаў.

Як паведаміў даследчык тэмы сталінскіх рэпрэсіяў кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў, ужо сабрана больш за 200 тыс. рублёў ахвяраванняў на ўвекавечанне памяці бязвінна загінуўшых людзей. Удзельнікі пасяджэння падтрымалі прапановы вучонага аб накіраванні ў рэгіёны падпісных лістоў па зборы ахвяраванняў і завяршэнні гэтай акцыі да 1 ліпеня, а таксама аб звароце да кіраўнікоў грамадскіх арганізацыяў, партыяў і рухаў узяць удзел у акцыі 29 сакавіка.

Паводле Радыё "Рацыя" (www.racyja.com)


 



 

‹‹ на галоўную | у архіў