Шведы едуць на Шо

Геаграфічны цэнтр Еўропы, які знаходзіцца ў Глыбоцкім раёне, будзе ўключаны ў турыстычны маршрут беларуска - латвійска - шведскага праекту “Панарама Дзвіна/Даўгава”.

Шведская працоўная група наведала раён возера Шо, дзе, паводле звестак Белкосмасгеадэзіі, знаходзіцца цэнтр Еўропы. Паводле словаў начальніка аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама Міхаіла Арэхава, іншаземцаў скарыла хараство беларускай прыроды. Апроч таго, у мясцовым музеі яны пабачылі старадаўнія скандынаўскія манеты і рэшткі зброі вікінгаў, што падтрымлівае тэорыю пра тое, што ў гэтым месцы праходзіў знакаміты шлях “з варагаў у грэкі”.

Паводле прапановы шведскіх гасцей, Глыбоцкі раён разам з Дзісной, Полацкам і Віцебскам стануць асноўнымі аб’ектамі турыстычнага маршруту “Панарама Дзвіна/Даўгава”, які пакліканы бліжэй пазнаёміць народы Швецыі, Латвіі і Беларусі, а таксама расказаць пра культуру і гісторыю гэтых дзяржаў, якія некалі цесна перапляталіся. Паводле папярэдніх звестак, на рэалізацыю гэтага праекта шведскі бок мае намер вылучыць Віцебскай вобласці каля 100 тысяч даляраў.

Прэзентацыя турыстычнага праекта адбудзецца ў траўні ў Даўгаўпілсе. Плануецца, што ўжо сёлета ўздоўж Дзвіны з прыпынкам у старажытных беларускіх гарадах, размешчаных на яе берагах, пройдзе першы экскурсійны аўтобус. На думку экспертаў, рэалізацыя праекта дазволіць павялічыць прыток замежных турыстаў у Прыдзвінскі край цягам наступных трох гадоў на 10%.

Паводле “Нашай нівы” (www.nn.by)

 

‹‹ на галоўную | у архіў