Нямеччына падтрымлівае беларускіх палітвязняў
Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Марцін Хекер 1 сакавіка наведаў палітвязня, лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), каардынатара Еўрапейскай Кааліцыі Мікалая Статкевіча. Палітык адбывае два гады абмежавання волі на так званай “хіміі” ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Лідэр сацыял-дэмакратаў быў асуджаны за арганізацыю ў 2004 годзе мірных акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму, які дазволіў Аляксандру Лукашэнку балатавацца ў прэзідэнты ў трэці раз.
Як паведаміў Мікалай Статкевіч, падчас сустрэчы нямецкі дыпламат заявіў пра занепакоенасць Нямеччыны існаваннем у Беларусі палітычных зняволеных. “Спадар Хекер запэўніў мяне, што Нямеччына будзе пільна сачыць за становішчам беларускіх палітвязняў і нязменна патрабаваць іх вызвалення”, – заявіў лідэр сацыял-дэмакратаў.
У сваю чаргу Мікалай Статкевіч заклікаў амбасадара Нямеччыны надаць больш увагі палітычным зняволеным, якія цяпер знаходзяцца ў калоніях Беларусі. Гаворка ідзе пра экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Казуліна, які адбывае пакаранне ў Віцебскай выпраўленчай калоніі, праваабаронцу Кацярыну Садоўскую, адпраўленую у Гомельскую жаночую калонію, і лідэра “Маладога Фронту” Змітра Дашкевіча, які знаходзіцца ў Шклоўскай калоніі.
“Гэтым людзям цяпер цяжэй за ўсіх. Яны цалкам закрытыя ад грамадства, мы толкам нічога не ведаем пра іх стан здароўя, пра ўмовы, у якіх іх утрымліваюць. Неабходна ўвесь час трымаць на кантролі справы гэтых людзей і змагацца за іх вызваленне”, – сказаў Мікалай Статкевіч.
Паводле Хартыі 97 (www.charter97.org)
|