Перспектывы і выклікі ў дачыненнях Еўрасаюзам і Беларуссю
У бельгійскім горадзе Бругэ 27 лютага 2007 году прайшла аднадзённая міжнародная канферэнцыя “Перспектывы і выклікі ў дачыненнях Еўрасаюза і Беларусі”.
Удзел у сустрэчы бралі віцэ-спікер Еўрапарламенту доктар Януш Анышкевіч, кіраўніца аддзелу Генеральнага Дырэктарату па вонкавых дачыненнях Еўракамісіі ў справах Беларусі спн. Клаўд Верон-Рэвіль, былы Амбасадар Кансультацыйна-назіральнай місіі АБСЕ ў Беларусі доктар Ганс-Гэорг Вік ды Ганаровы Консул Каралеўства Бельгія ў Беларусі сп. Філіп Вандэнбруле, сябра рады БНР спадар Юрка Станкевіч з Чэхіі. Дыскусіі вёў эксперт па Беларусі амерыканскага Фонда імя Джорджа Маршала ў Нямеччыне доктар Ёрг Форбрыг.
Дэпутат Анышкевіч адзначыў неабходнасць у павялічэнні фінансавання беларускіх праграмаў і ў першую чаргу пра неабходнасць пашырэння незалежнага тэлевізійнага і радыёвяшчання. Былы кіраўнік місіі АБСЕ ў Беларусі доктар Ганс-Гэорг Вік у сваім дакладзе падкрэсліў дасягненні ўдзелу АБСЕ ў наладжванні палітычнага дыялогу паміж беларускай апазіцыяй і ўрадам Лукашэнкі ў 2000 годзе. Спадар Вік прызнаў, што дыялог не набыў канструктыўнага зместу і не спраўдзіў надзеі, якія на яго ўскладала міжнародная супольнасць.
Канферэнцыю арганізавала група студэнтаў Каледжу Эўропы ў Бругэ на чале з маладым беларускім праўнікам Уладзіславам Белавусавым. Удзельнікі канферэнцыі мелі магчымасць праглядзець выставу фотаздымкаў журналіста Андрэя Лянкевіча, а таксама дакументальны фільм польскага кінарэжысёра Міраслава Дэмбіньскага “Урокі беларускай мовы”.
Паводле http://bez.unija.info/
|