Беларускія ўцекачы патрабуюць вызваліць палітвязняў
Беларусы, якія былі вымушаны з’ехаць з радзімы, правялі ў Варшаве шэсце ў падтрымку палітычных вязняў. Актывісты наведалі замежныя амбасады і перадалі петыцыю з просьбай падтрымаць дэмакратыю ў Беларусі.
“Заклікаем не ўступаць у палітычныя і эканамічныя кантакты з апошнім дыктарам Еўропы, пакуль не будуць вызваленыя палітычныя вязні ды адноўленыя грамадзянскія свабоды на шматпакутнай Беларусі”.
Гэты заклік беларускія палітычныя ўцекачы аднясуць у варшаўскія амбасады Еўрасаюзу, Расіі, ЗША, Канады і Украіны. Беларусаў натхніла петыцыя польскага сенату ад лютага, якая патрабуе вызваліць усіх беларускіх палітвязняў.
Сёння, 28 лютага, зварот перадалі ў амбасады. Збор подпісаў пад заклікам працягваецца. Ініцыятары акцыі перакананыя, што іхняя петыцыя — адна з кропляў, якія точаць камень.
Акцыя працягнецца да канца тыдня. А ад заўтрашняга дня да яе далучацца і студэнты, якія навучаюцца ў Варшаве па праграме Каліноўскага.
Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі” (www.belradio.fm)
|