Ствараецца музей Манюшкі

Працу па стварэнні музея Станіслава Манюшкі вядуць Міністэрства культуры Польшчы і самаўрад Вільні. Музейны цэнтр у гонар нашага славутага кампазітара павінны паўстаць у адным з найпрыгажэйшых куткоў старой Вільні, побач з касцёлам Святое Кацярыны, пры цвінатры якога месціцца стары сквер імя Манюшкі. Гэты сквер яшчэ з пазамінулага стагодзьдзя ўпрыгожвае помнік кампазітару, створаны скульптарам Балзункевічам.

Апалонія Сакалоўская, прэзідэнт Цэнтру Культуры Польскай у Літве імя Манюшкі, кажа: “Гэта такая выбітная постаць, якая вядомая ня толькі ў Вільні, але таксама ў Еўропе, у Нямеччыне, дзе вучыўся кампазітар, у Парыжы і нават у Пецярбургу. Музей Станіслава Манюшкі будзе інтэгральнай часткай культураў літоўскай, польскай ды беларускай, бо экспазіцыйнымі сродкамі будзе ўвасабляць і перадаваць досвед пачуцця супольнасці и павагі, не зважаючы на адрозненні. Гэта будзе вялікі асяродак культуры”. Ініцыятыву горача падтрымаў мэр Вільні, Артурас Зуокіс.

Як сцвяржаюць арганізатары, паводле мэты, будучы музей мусіць прывабіць дзяцей і моладзь, а таксама будзе мець інтэграцыйную праграму, што злучыць тры нацыі – беларускую, польскую і літоўскую. Тут будуць праводзіць міжнародныя музычныя конкурсы, канферэнцыі, спатканні, сімпозіумы.

Станіслаў Манюшка нарадзіўся ў фальварку Убель (цяпер Чэрвеньшчына) у шляхецкай сям’і. Многа гасцяваў у родавым гняздзе Манюшкаў, у Смілавіцкім палацы. У Мінск ён пераехаў разам з бацькамі. Дом Манюшкаў у Мінску быў напоўнены атмасферай культурнага жыцця. Маці спявала і іграла на фартэпіяна, ладзіла ў сваім доме музычныя вечарыны, запрашаючы музыкантаў і артыстаў, якія гасцілі ў Мінску.

А з Вільняй Манюшку злучылі 18 гадоў жыцця. Тут ён пачынаў працаваць арганістам у старажытным касцёле Святога Яна пры ўніверсітэце. Гэты касцёл у свой час выбудаваны быў паводле праекту вядомага дойліда з Мінску, Яна Франкевіча. А арган у ім, на якім музіцыраваў Станіслаў Манюшка, быў прывезены сюды з… Полацку, з сабору Святога Стафана.

Наладжаныя ў юнацкія гады кантакты і знаёмствы аказаліся вельмі трывалымі і працяглымі. Сяброўства лучыла яго з беларускім пісьменнікам Вінцэнтам Дуніным?Марцінкевічам. У 1841 г. у Менску была пастаўленая аперэта «Рэкруцкі набор» на музыку Манюшкі і словы Дуніна?Марцінкевіча. А 155 гадоў таму і выбітны твор еўрапейскай музычнай культуры — 2?актавая опера “Сялянка” (“Ідылія”), упершыню пастаўленая ў Мінску, а ў 1853–1855 гг. у Бабруйску, Віцебску, Нясвіжы. З гэтай падзеі пачынае свой адлік гісторыя беларускага нацыянальнага сцэнічнага мастацтва. Пазней Манюшка штогод прыязджаў у Мінск. Апошні раз ён наведаў Мінск у 1864 г., калі ўжо быў вядомым і вельмі шанаваным кампазітарам.

Некалі шыкоўная рэзідэнцыя Манюшкаў у Смілавічах цяпер у руінах. Даўно няма касцёлу ў былым Ігумене, дзе хрысцілі Станіслава Манюшку, а пра былы Ўбельскі фальварак нагадвае нам толькі літаграфія Напалеона Орды… У 1986 годзе ў Мінску дайшла чарга і да гістарычнага будынку гарадскога тэатру. Тады ўпершыню беларуская моладзь з транспарантам “Руйнуюць помнік беларускай культуры” выйшла абараняць тэатр. А летась на падмурках будынку, дзе пачалася гісторыя нацыянальнага тэатру, збудавалі гатэль. На жаль, і Манюшкаў дом на рагу Інтэрнацыянальнай і Энгельса быў колькі гадоў таму знішчаны “рэстаўратарамі”, падчас прыстасавання яго пад кафэ?бар. На ацалелай вонкавай сцяне, праўда, прымацавалі мемарыяльную табліцу ў гонар славутага земляка. Але… летам яе ўпарта застаўляюць парасонамі таго кафэ?бару. Ні пра які музей Станіслава Манюшкі ў Беларусі няма і гаворкі.

Паводле “Нашай нівы” (www.nn.by)
‹‹ на галоўную | у архіў