Даследніцкі конкурс для студэнтаў і аспірантаў

Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў, Еўрапейская камісія і Міжнароднае грамадскае аб’яднанне па навукова-даследчых і інфармацыйна-адукацыйных праграмах “Развіццё” абвесцілі конкурс навуковых працаў для студэнтаў і аспірантаў. Тэмамі даследаванняў могуць быць праблемы уцекачоў, людзей без грамадзянства, міграцыі, талерантнасці і палікультурнай адукацыі. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца студэнты 1 – 4 курсаў і аспіранты 1 – 2 гадоў навучання.

Паводле інфармацыі, якая распаўсюджаная грамадскім аб’яднаннем “Развіццё”, конкурс праводзіцца ў межах праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Падвышэнне эфектыўнасці падзялення і працы з міграцыйнымі плынямі на дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь”. Мэтаю конкурсу з’яўляецца заахвочванне навуковых доследаў па праблемах, якія вынесеныя ў тэматыку працаў.

Як паведамілі арганізатары, на конкурс студэнты і аспіранты могуць прадстаўляць копіі артыкулаў, курсавых працаў, навуковых справаздачаў, якія адпавядаюць тэматыцы, а таксама творы, якія складзеныя адмыслова да конкурсу. Матэрыялы на конкурс прымаюцца да 25 траўня.

На www.evolutio.info размешчаныя падрабязныя ўмовы, анкета для ўдзельнікаў і кантактная інфармацыя. Пераможцы конкурсу атрымаюць штомесячныя стыпендыі на першы семестр наступнага навучальнага года.

Паводле www.belngo.info
‹‹ на галоўную | у архіў