Грамадcкасць хоча аднавіць знак “Ахвярам сталінскага рэжыму”
Грамадcкі аргкамітэт па ўвекавечанні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 26 лютага аб’явіў аб зборы ахвяраванняў на ўзвядзенне мемарыяльнага знаку ў Курапатах.
Сродкі маюць паслужыць аднаўленню мемарыяльнага знаку “Ахвярам сталінскага рэжыму”, які невядомыя выкралі з Курапатаў праз некалькі дзён пасля таго, як ён быў там усталяваны 30 кастрычніка 2005 году.
Ігар Кузняцоў, адзін са сустаршыняў грамадскага аргкамітэту ды даследнік сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі, запрапанаваў таксама падрыхтаваць аргументаванае пярэчанне ўладам па факце адмаўлення імі распачынання крымінальнай справы па знішчэнні ў Курапатах “лавы Клінтана”. Па версіі міліцыі, у Курапатах нібыта адсутнічаюць якія-небудзь гісторыка-культурныя каштоўнасці.
Пісьменнік Васіль Якавенка паведаміў на паседжанні аргкамітэту, што зварот “Да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і беларусаў свету” з заклікам аб’явіць 2007 год Годам памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, а 29 кастрычніка — штогадовым Днём памяці рэпрэсаваных, накіраваны ў прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук і рэктарат Беларускага дзяржуніверсітэту, а таксама ў пракуратуру Беларусі, міністэрства ўнутраных справаў, міністэрства інфармацыі і адукацыі.
Палітык Вячаслаў Сіўчык прапанаваў уключыць пытанне аб мерапрыемствах Году памяці ў парадак дня палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў.
Паводле Радыё “Рацыя”
|