Конкурс для настаўнікаў
Міжнародны конкурс для настаўнікаў “Сучасны ўрок. Інавацыйныя тэхналогіі навучання і выхавання” праводзяць сумесна шэраг грамадскіх арганізацыяў. У конкурсе могуць браць удзел і беларускія педагогі. Мэта конкурсу – стварэнне новых адукацыйных і дыдактычных матэрыялаў, іх папулярызацыя, а таксама стварэнне ўмоваў для доступу да іх шырокага кола настаўнікаў.
Арганізатарамі конкурсу выступілі польская фундацыя “Адукацыя для дэмакратыі”, украінская “Лабараторыя грамадзянскай адукацыі “Пошук”, а таксама міжнародная сетка адукацыйных арганізацыяў “Эдытнэт” (Editnet), якая мае ўдзельнікаў і сярод беларускіх адукацыйных аб’яднанняў. Як паведамілі арганізатары, працы на конкурс прымаюцца да 30 красавіка па 2-х кірунках: метадычныя распрацоўкі ўрокаў з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогіяў; метадычныя распрацоўкі выхаваўчых заняткаў на тэму “Мая грамадзянская пазіцыя”.
Тамара Мацкевіч, прадстаўнік кіраўніцтва грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай школы”, адзначае: “На маю думку, удзел у міжнародным мерапрыемстве ў сферы адукацыі надзвычай карысны для настаўнікаў. Такі ўдзел дазваляе педагогам не быць ізаляванымі ад еўрапейскіх адукацыйных працэсаў. Я лічу, беларускім настаўнікам – каб быць сучаснымі настаўнікамі – варта актыўна ўключацца ў міжнародныя праграмы, якія распаўсюджваюцца на Беларусь”.
На адрасе http://nastaunik.info можна знайсці палажэнне аб конкурсе, бланк заяўкі і парады па афармленні работ.
Паводле www.belngo.info
|