Адсвяткавалі Масленіцу
Увесь мінулы тыдзень у сталіцы Латвіі ладзіліся святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Масленіцы. На адкрытых пляцоўках Рыгі падчас народных гулянняў згодна паганскім традыцыям было спалена нямала пудзілаў-лялек, а ў канцэртных залах адбыўся шэраг канцэртаў, прысвечаных гэтаму святу, што сімвалізуе канец зімы і надыход вясны.
У адным з канцэртаў у заключны дзень “масленічнага” тыдня, 18 лютага, у Вялікай залі Дома культуры Балтыйскага Рускага інстытута, чынны ўдзел браў вакальны гурт Латвійскага таварыства беларускай культуры “Cьвітанак”.
Арганізатарам канцэрту выступіла Балтыйская міжнародная акадэмія танца “Наталі”. Акрамя выхаванцаў акадэміі – спевакоў-салістаў і танцораў, у канцэрце ўдзельнічалі з танцамі тэатр “Эрмітаж” і шоу-балет “O’кеy”. А гурт “Cьвітанак” упрыгожыў свята цудоўнымі беларускімі песнямі. Ён выступіў у пашыраным складзе, бо апошнім часам значна павялічылася мужчынская частка калектыву, і нарэшце загучалі асобныя мужчынскія партыі.
Прыемна ўразіла, што гаспадары-арганізатары таксама падрыхтавалі шэраг беларускіх нумароў. “Арыгінальна пастаўлены, надта спадабаўся мне танец “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”, – адзначыла старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Cьвітанак” Таццяна Казак. Кіраўніца Балтыйскай міжнароднай акадэміі танца Наталля Сіберга яшчэ ў студзені дала згоду выступіць з сваімі выхаванцамі з беларускімі песнямі і танцамі на беларускім традыцыйным святкаванні ўгодкаў абвяшчэння БНР 25 сакавіка.
Паводле www.svitanak.lv
|