Міліцыя адмовілася распачынаць справу па разбурэнні “лавы Клінтана”
Даследчык сталінскіх рэпрэсіяў, гісторык Ігар Кузняцоў паведаміў, што міліцыя адмовілася ад распачынання крымінальнай справы па факце разбурэння “лавы Клінтана” ў Курапатах.
Кузняцоў атрымаў з Бараўлянскага аддзела міліцыі пісьмовы адказ на сваю заяву — “не было ўстаноўлена дастатковых звестак, што ўказваюць на прыкметы злачынства”, сцвярджаецца ў гэтым адказе, а ў сувязі з гэтым “устанавіць асобу, якая пашкодзіла мемарыяльную лаўку, а таксама сведак таго, што здарылася, не ўяўляецца магчымым”.
Паводле Кузняцова, зараз грамадскасці бессэнсоўна звяртацца ў міліцыю па пытаннях забеспячэння ўрочышча Курапаты: “Такім чынам, — дадаў ён, — вандалы атрымалі магчымасць беспакарана учыняць у Курапатах любыя правапарушэнні і злачынствы”.
Кузняцоў нагадаў таксама, што некалькі гадоў таму ўлады адкінулі таксама прапанову грамадскай самаарганізацыі для аховы ўрочышча.
Мемарыяльны знак у Курапатах “Ад народу Злучаных Штатаў Амерыкі народу Беларусі дзеля памяці” ўстанавіў у 1994 годзе прэзідэнт Біл Клінтан — з таго часу вандалы апаганьвалі гэты знак 11 разоў. Праваахоўныя органы ні разу не выявілі злачынцаў.
Паводле Радыё “Рацыя” (www.racyja.com)
|