“Дні лятуць. Песні з-за кратаў”

У гэтым годзе спаўняецца сто год з дня нараджэння паэта Сяргея Новіка-Пяюна. З гэтай нагоды прадзюсерскі цэнтр “Беларуская музычная альтэрнатыва” днямі парадаваў аматараў беларускай музыкі новым дыскам з серы “Беларускі музычны архіў”. Гэта трыб’ют беларускіх музыкаў на вершы беларускага паэта. А 20 лютага ў Чырвоным касцёле ў Мінску адбылася прэзентацыя гэтага дыска.

Сяргей Новік-Пяюн належыць да тых беларускіх творцаў, якія перажылі вялікія пакуты сталінскага рэжыму. Акрамя 10 гадоў савецкіх лагераў, паэт арыштоўваўся таксама польскімі ўладамі за дзейнасць на ніве беларушчыны. Падчас вайны за працу з партызанамі фашысцкая ўлада прысудзіла яму смяротнае пакаранне. Аднак паэт не толькі змог перажыць вайну і сталінскія лагеры, але і нават дачакаўся вольнай Беларусі. Ён памёр у 1994 годзе.

Дыск на вершы Новіка-Пяюна выдаўца трыб’юту Віталь Супрановіч называе ўнікальным: “Дыск "Дні лятуць. Песні з-за кратаў” быў прысвечаны стагоддзю Сяргея Новіка-Пяюна. У мінулым годзе ў нас выйшаў дыск “Жыць для Беларусі” на вершы Ларысы Геніюш. Гэта быў эксперымент у серыі “Беларускі музычны архіў”, бо да гэтага дыскі былі прысвечаныя не асобам, а музыкам, кампазітарам. Дыск меў вялікі поспех, таму мы вырашылі зрабіць працяг. Альбом унікальны тым, што ён утрымлівае архіўныя запісы жывога голасу Пяюна, як ён чытае вершы і як спявае свае песні. Дыск атрымаўся вельмі рознастылёвым, там ёсць і рэп ад ЧПБ, і класічная музыка ад Ларысы Сімаковіч, бардаўская песня ад Віктара Шалкевіча і Таццяны Беланогай, так і рок-апрацоўкі ад гурту “PLAN”.

Народны паэт Беларусі Генадзь Бураўкін Новіка-Пяюна ведаў асабіста. Г.Бураўкін: “Я ведаў яго пры жыцці. Гэта быў вельмі мілы, слаўны, шчыры чалавек. Але лёс! Не дай Бог нікому такога. Тыя, літаральна дзве-тры песні, якія для яго былі вельмі дарагія, і якія заспяваў пасля Данчык, гэта сапраўды быў выдых беларускай спакутаванай душы. Ён зрабіў гэта вельмі паэтычна, шчыра, проста і лірычна. Гэта той выпадак, калі словы могуць жыць на такім высокім узроўні доўгія гады толькі з музыкай, а музыка толькі з гэтымі словамі. Яму гэта ўдалося зрабіць у свой час. Тое, што да людзей са спазненнем прыйшла ягоная творчасць, то зараз гістарычная справядлівасць бярэ сваё. Бо тое, чаго ён не атрымаў адразу пасля з'яўлення ягоных твораў, мы яму аддаем тады, калі яго ўжо з намі няма”.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (http://www.polskieradio.pl/zagranica/by/)
‹‹ на галоўную | у архіў