Рыгор Барадулін зноў намінант на Нобелеўскую прэмію
Зборнік духоўнай паэзіі “Ксты” Рыгора Барадуліна паўторна намінаваны на атрыманне Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры ў 2007 годзе. Летась за гэты ж зборнік беларускі паэт “дзядзька Рыгор”, як аўтара называюць у Саюзе беларускіх пісьменнікаў, прызнаны намінантам – літаратар атрымаў права вылучацца намінантам на Нобелеўскую прэмію пажыццёва.
3 студзеня, адказваючы на прапанову Нобелеўскага камітэта, Саюз беларускіх пісьменнікаў сумесна з Беларускім ПЭН-цэнтрам, Рымска-каталіцкай парафіяй святых Сымона і Алены Уладзіславам Завальнюком, прапанавала на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры ў 2007 годзе кандыдатуру Рыгора Барадуліна.
“Шчыра перакананыя ў тым, што яго лёс і дзейнасць з’яўляюцца ўзорам служэння эстэтычным ідэалам паэзіі і грамадзянскасці, – перакананае кіраўніцтва СБП, – ...высокай сусветнай узнагароды Рыгор Барадулін заслугоўвае найперш за развіццё нацыянальнай мовы паэтычнымі сродкамі, метафарычнае і гукапіснае асваенне рэчаіснасці, эстэтычнае ўвасабленне індывідуальнай псіхалогіі ў глабальнай светабудове”, – гаворыцца ў прадстаўленні, накіраваным на імя Нобелеўскага камітэта.
Р.Барадулін вылучаўся на саісканне прэміі ў 2006 годзе, прычым за кнігу духоўнай паэзіі "Ксты", выдадзеную ў 2006 годзе Рымска-каталіцкай парафіяй святых Сымона і Алены. У зборнік увайшлі вядомыя паэтычныя цыклы Рыгора Барадуліна “Бетлеемам стане сэрца", "Босая зорка", "На ускрайку вечнасці", "З застрэшша мамінае хаты", "Каб на зямлі жыццю цяплей было", "З лістоў да Васіля Быкава", некалькі апошніх твораў, у прыватнасці, "Рымскі дыпціх. Узрушэнне", прысвечаны Папе рымскаму Яну Паўлу ІІ.
Кніга двухмоўная – беларуска-англійская. Літаральна за два месяцы кніга перакладзеная на англійскую мову і адрэдагаваная спецыялістамі з Вялікабрытаніі і ЗША.
Паводле газеты “Пагоня” pahonia.promedia.by
|