Інтэрнэт-кавярні будуць працаваць пад пільным наглядам
У кампутарных клубах уводзіцца новы парадак кантролю за дзеяннямі наведнікаў. Цяпер у кожнай інтэрнэт-кафэ будзе весціся ўлік сайтаў, да якіх наведнікі атрымлівалі доступ.
Электронны часопіс будзе захоўвацца не менш за год. Пры неабходнасці гэтыя звесткі павінны перадавацца супрацоўнікам Камітэта дзяржбяспекі альбо Міністэрства ўнутраных справаў.
Калі ўладальнік кавярні западозрыць, што карыстальнік парушае закон, ён абавязаны паведаміць пра гэта ў праваахоўныя органы.
Адпаведныя пункты ёсць у пастанове, якую прыняў беларускі ўрад "у мэтах рэгулявання адносін у сферы ажыццяўлення дзейнасці кампутарных клубаў і інтэрнэт-кафэ".
Паводле пастановы ўрада, у інтэрнэт-кафэ забараняецца "распаўсюджваць па сетцы электрасувязі агульнага карыстання інфармацыю, забароненую да распаўсюджвання заканадаўствам, здзяйсняць спробы несанкцыянаванага доступу да інфармацыйных сістэм сеткі электрасувязі агульнага карыстання" і выкарыстаць кампутарныя праграмы, якія "прызнаныя прапагандуючымі культ гвалту, жорсткасці, парнаграфію".
Кантроль за адпаведнасцю дзейнасці кампутарных клубаў і інтэрнэт-кафэ патрабаванням прынятага ўрадам пастановы "здзяйсняецца ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі ў межах іх кампетэнцыі".
Паводле Еўрапейскага радыё для Беларусі
(www.belradio.fm) і www.telegraf.by
|