Года беларускай літаратуры ў Беларусі не будзе

Сёлета спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Я. Коласа і Я. Купалы. У лістападзе мінулага года Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ініцыявала збор подпісаў грамадзянаў пад зваротам з нагоды юбілею. За прайшоўшы з таго часу перыяд у Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы былі дасланыя сотні падпісных лістоў са зваротам. У звароце прапаноўвалася, каб 2007 год быў абвешчаны годам беларускай мовы і літаратуры.

Зараз грамадзяне, якія адпраўлялі падпісныя лісты, атрымліваюць адказы з Міністэрства адукацыі Беларусі, куды з Адміністрацыі прэзідэнта былі перанакіраваныя подпісы. У адказах паведамляецца, што міністэрствамі адукацыі і культуры падрыхтаваны адпаведны указ кіраўніка дзяржавы – “Аб мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню 125-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа”. Указ выдадзены 29 студзеня. Рашэння аб абвяшчэнні года беларускай мовы і літаратуры ў ім няма. “У метах арганізацыі шырокага святкавання 125-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай і сусветнай літаратуры народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа” ўказам зацвярджаецца склад арганізацыйнага камітэту і план мерапрыемстваў з нагоды юбілею.

Як ацэньваюць у ТБМ вынікі збору подпісаў? “Падчас гэтай кампаніі адбылася актывізацыя значнай колькасці грамадзянаў. Усе, хто падпісаліся пад зваротам, выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю ў падтрымку беларускай мовы і літаратуры - і гэта самае важнае”. “Тое, што юбілей будзе адзначацца, прынясе карысць - гэта дасць магчымасць, напрыклад, пісьменнікам часцей сустракацца з чытачамі,” – лічыць Алена Анісім, намеснік старшыні ТБМ.

Паводле www.belngo.info
‹‹ на галоўную | у архіў