“Няправільныя” пісьменнікі могуць знікнуць з падручнікаў

Размовы пра тое, што ў хуткім часе з хрэстаматый па беларускай літаратуры знікне творчасць народных паэтаў Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча, а таксама Уладзіміра Някляева, Сяргея Законнікава і іншых пісьменнікаў, “нелаяльных” да ўладаў, ідуць ужо даўно.

Чарговае абвастрэнне чутак адбылося дзевятага лютага: з кампетэнтных крыніц стала вядома, што ў старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца на стале ўжо ляжыць аркуш з прозвішчамі тых, каму не месца ў айчыннай літаратуры ХХ стагоддзя.

Паэт Генадзь Бураўкін звязвае гэта са скаргамі на старыя падручнікі, што рассылаў “па інстанцыях” афіцыёзны празаік Георгій Марчук. Маўляў, не так яны распавядаюць пра сучасную беларускую літаратуру, як трэба. Ён кажа: “Такія чуткі хадзілі, таксама як ходзяць чуткі, што ў школьныя праграмы па рускай літаратуры — кажуць нават пра дзве гадзіны — уведзена вывучэнне творчасці Мікалая Іванавіча Чаргінца…”

Паэт Генадзь Бураўкін прыводзіць свежы прыклад таго, як беларуская літаратура можа абыходзіцца без некаторых сваіх прадстаўнікоў і, між іншым, без лаўрэата Дзяржпрэміі БССР Генадзя Бураўкіна. Генадзь Бураўкін: “Нядаўна на кніжным кірмашы, які цяпер працуе ў Мінску, паявілася шыкоўна выдадзеная кніга “Мама, маці, матуля”. Там няма вершаў Рыгора Барадуліна, няма вершаў Ніла Гілевіча, хаця яны — народныя паэты, адзіныя жывыя ў Беларусі! Там няма вершаў Уладзіміра Някляева, там няма вершаў Сяргея Законнікава. Там няма, між іншым, маіх вершаў. Хаця на вокладцы надрукаваныя мае словы! У мяне ёсць песня пра маці, якая, дарэчы, пакуль што яшчэ вывучаецца ў школе. І ў гэтай песні ёсць радкі “Маці, мама, матуля // Дарагая мая!”

Калі выразна падзяліць літаратурнае жыццё краіны на афіцыйнае і underground, на вочы “не нашых” пісьменнікаў можна будзе дазволіць сабе проста не трапляцца.

Паводле Еўрапейскага радыё для Беларусі (www.belradio.fm)
‹‹ на галоўную | у архіў