У Гонар паўстання Кастуся Каліноўскага

10 лютага берасцейская моладзь зладзіла вандроўку ў мястэчка Дамачава, каб адзначыць памяць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. У гэтыя дні дэмакратычная супольнасць на Беларусі адзначае 169-я ўгодкі з дня народзінаў Кастуся Каліноўскага, арганізатара нацыянальна-вызваленчага паўстання на беларускіх землях у 1863-1864 гадах.

Але падзеі тых часоў старанна вынішчаюцца з памяці беларусаў. Адзіны помнік, які нагадвае аб антырасійскім паўстанні на Берасцейшчыне, усталяваны на тэрыторыі Касцёла Св. Антонія ў мястэчку Дамачава ў 40 кіламетрах ад абласнога цэнтра. Тут, каля вёскі Чэрск, адбылася бойка аднаго з паўстанцкіх атрадаў Каліноўскага з рэгулярнымі войскамі расейцаў. Атрад быў разбіты. У памяць аб гэтай падзеі ў 1920-я гады польскія ўлады ўсталявалі помнік у выглядзе крыжа.

Як гаворыць адзін з удзельнікаў вандроўкі гісторык Павел Дайлід, асноўнай яе мэтай было знаёмства моладзі з гісторыяй паўстання Каліноўскага на Берасцейшчыне.

У касцёле Св. Антонія грэка-каталіцкі святар Айцец Андрэй адслужыў малебен за беларускі народ, гісторык Наста Ілліна зрабіла невялічкі экскурс у гісторыю паўстання на Берасцейшчыне, а старшыня парафіяльнага камітэта Дамачава сп. Яўген Гамзюк распавёў пра гісторыю выратавання крыжа ад знішчэння савецкімі ўладамі ў 1960-я гг.

Ля памятнага крыжа моладзь усталявала лампадкі і ўсклала бел-чырвона-белыя кветкі.

Паводле "Дзедзіч"
‹‹ на галоўную | у архіў