Ён любіў свой край і мастацтва

На 73 годзе пайшоў з жыцця вядомы беларускі мастак, сябра Вялікай Рады МГА “Бацькаўшчына” Віктар Сташчанюк.

Віктар Сташчанюк нарадзіўся на Наваградчыне. Менавіта гэтая зямля сфармавала талент мастака і ягоную асобу.

У мастацтве поспех і запатрабаванасць не гарантуюцца талентам творцы. Патрэбныя яшчэ любоў аўтара да таго, што ён малюе, вялікая працаздольнасць і пазіцыя ў жыцці, пажадана – са значным станоўчым грамадзянскім тонусам. Усё гэта ёсць у натуры Віктара Сташчанюка – архітэктара, мастака па інтэр’ерах, навукоўцы-даследчыка і рэканструктара помнікаў старажытнага дойлідства Мінска, Заслаўя, Наваградка, Полацка і іншых гарадоў Беларусі, аўтара ілюстрацый да кніг па гісторыі нашай краіны, стваральніка шэрагу беларускіх марак, аўтара графічных і алейных станковых твораў, што апавядаюць пра Беларусь, яе хараство і гісторыю, культуру і здабыткі спадчыны.

“У шэрагу твораў мастака высокай грамадзянскай пазіцыі маюць месца кампазіцыі лірычнага характару, прысвечаныя вобразам прыгожых беларускіх жанчын, рамантычным куточкам прыроды і... каханню: няма кахання, няма і мастака – кажуць людзі. В.Сташчанюк пісаў цудоўныя рамантычныя акварэлі, што апяваюць ледзь улоўныя імгненні пераходных станаў прыроды – сціплых знешне і глыбінных па сутнасці, як душа беларуса, як каханне беларуса, як справа беларуса”, – так год назад пісала пра мастака часопіс “Наша вера”.

Мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская так напісала пра мастака: “Віктар Сташчанюк у першую чаргу мастак-рэканструктар, мастак-навуковец у гістарычным рэчышчы. Але ж ён і тонкі лірык, паэт лініі і колеру. Чароўнай мелодыяй замілавання і ўлюбёнасці прасякнуты яго шматлікія алейныя працы з выявамі камяніц і краявідаў старажытных мясцінаў нашай краіны, зачароўваюць яго акварэлі і пастэльныя творы.

Здаецца мне, што ў гісторыю беларускага мастацтва Сташчанюк трапіць і як аўтар трох серыяў мастацкіх твораў-рэканструкцый: “Старажытны Мінск”, “Старажытны Наваградак”, “Старажытнае Заслаўе”. Навукова вывераныя, яны ў той жа час напоўнены настраёвасцю, рамантызмам, узнёсласцю чалавечых пачуццяў. Менавіта гэтак Віктар Сташчанюк выбудоўвае унікальны па сваёй значнасці масток да людскіх сэрцаў, да разумення і ўспрыняцця”.

Беларусь страціла яшчэ аднаго адданага сына.
Шчыра смуткуем і выказваем спачуванне родным і блізкім Віктара Сташчанюка.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
‹‹ на галоўную | у архіў