Саюз беларускіх пісьменнікаў будзе судзіцца з Міністэрствам адукацыі

Саюз беларускіх пісьменнікаў мае намер падаць у суд на Міністэрства адукацыі Беларусі ў сувязі з забаронай міністра на сустрэчы пісьменнікаў са студэнтамі. Найстарэйшая пісьменніцкая арганізацыя Беларусі мае намер дамагацца прызнанні незаконнасці дзеяння міністра адукацыі Аляксандра Радзькова.

Распараджэнне было прынятае больш за год таму, але для шырокай грамадскасці яно дагэтуль закрытае. Тым не менш дзейнічае вельмі эфектыўна, і цяпер на свае творчыя імпрэзы літаратары ходзяць таемна, кажа пісьменніца Вольга Іпатава.

Іпатава: “Мяне запрасілі выступіць у ВНУ, але я вам не магу сказаць у якую. Бо я ўжо неаднойчы сутыкнулася з тым, што педагогі мелі вялікія спагнанні за тое, што запрашаюць тых пісьменнікаў, чые творы стаяць у школьных праграмах. Гэтая сітуацыя абсалютна ненармальная, амаральная і нават злачынная”.

Акрамя таго, днямі сябры Саюзу беларускіх пісьменнікаў даведаліся: на правядзенне такіх творчых сустрэч неабходна мець дазвол навастворанага Саюзу пісьменнікаў пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца. Ад імя рады СПБ старшыня Алесь Пашкевіч звярнуўся да міністра адукацыі Аляксандра Радзькова з прапановай адмяніць распараджэнне, але адказу літаратары не дачакаліся.

Пашкевіч: “Гэтае распараджэнне міністра адукацыі парушае канстытуцыйныя правы 505 членаў нашай арганізацыі, сярод якіх жывыя класікі, усе аўтары школьных і ўніверсітэцкіх праграмаў па літаратуры, лаўрэаты дзяржаўных прэміяў, народныя пісьменнікі. Таму мы дазбіраем усе неабходныя дакументы і ў гэтым месяцы падаем пазоў у суд да Міністэрства адукацыі”.

Паводле Алеся Пашкевіча, у пазове прыведзены прыклады, калі быў сарваны шэраг сустрэч, у тым ліку з народнымі паэтамі Нілам Гілевічам і Рыгорам Барадуліным.

“Такое распараджэнне высокага чыноўніка з юрыдычнага пункту гледжання ўвогуле разбіраць немагчыма”, – гэтак пракаментаваў сітуацыю юрыст Валянцін Стэфановіч.

Стэфановіч: “Гэта абсалютная цэнзура – ёсць пісьменнікі, з якімі можна сустракацца, і ёсць пісьменнікі, з якімі нельга сустракацца. Ёсць закон аб грамадскіх арганізацыях, дзе не гаворыцца, што адна арганізацыя можа даваць дазвол што рабіць іншай арганізацыі. Мне цяжка зразумець, на якой падставе робяцца такія распараджэнні”.

У 2005 годзе быў створаны праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца. Пасля гэтага адбыўся шэраг судовых пасяджэнняў, на якіх разглядалася пытанне аб ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменнікаў – найстарэйшай у краіне пісьменніцкай арганізацыі, якую цяпер узначальвае Алесь Пашкевіч. Літаратары адстаялі сваё права на існаванне, але былі вымушаныя пакінуць некалькі арандаваных пакояў у колішнім пісьменніцкім будынку – Доме літаратара.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org) і www.telegraf.by
‹‹ на галоўную | у архіў