Прызначана дата суда па справе Кастуся Лукашова
Суд над Кастусём Лукашовым, братам грамадскага актывіста Вячаслава Сіўчыка, прызначаны на 15 лютага. Працэс па справе 36-гадовага навукоўца пачнецца ў 10.30 у судзе Ленінскага раёна Мінска (вул. Сямашкі, 33), весці яго будзе суддзя З.Красоўская.
Нагадаем, што Кастусь Лукашоў быў затрыманы на сваім працоўным месцы 19 снежня 2006 г. (у дзень юбілею сваёй маці) і з таго часу ўтрымліваецца ў Мінскім СІЗА. Інкрымінуюць яму супраціў міліцыянтам 29 сакавіка 2006 г. пры выпісцы з гарадской бальніцы Вячаслава Сіўчыка. 3 студзеня 2007 г. К.Лукашову прад'яўлена абвінавачанне па арт. 364 Крымінальнага кодэксу "Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка міліцыі".
Сам В.Сіўчык кажа: “Не было ніякіх міліцыянтаў. Былі звычайныя бандыты – людзі ў цывільным невядома адкуль. Яны незаконна хацелі мяне захапіць. Уся справа Кастуся шытая “белымі ніткамі”. Яго знаходжанне за кратамі цалкам незаконнае, але, на жаль, нашае грамадства паступова звыклася да праўнага “беспредела” ўладаў”.
Вячаслаў Сіўчык заклікаў прыйсці на адкрыты суд. “Я звяртаюся да аднадумцаў і паплечнікаў з просьбай падтрымаць нашу сям’ю, Кастуся”, – сказаў В.Сіўчык.
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
|