Рэктараў прыватных ВНУ будзе прызначаць міністр адукацыі

Рэктараў прыватных ВНУ будзе прызначаць міністр адукацыі. Такое рашэнне камісіі “палаты прадстаўнікоў” “нацыянальнага сходу” Беларусі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу агучыў яе старшыня Уладзімір Здановіч на прэс-канферэнцыі 1 лютага ў пасёлку Ждановічы пад Мінскам. “Гэтае рашэнне адназначнае і абмеркаванню не падлягае”, — заявіў ён. Пры гэтым, па словах У.Здановіча, “дэпутаты” быццам бы “не парушаюць ні Канстытуцыю, ні адзін з кодэксаў, уключаючы працоўны”.

“Ва ўзнікненні гэтай прапановы вінаватыя самі ўжо былыя рэктары, якія па вялікім рахунку скампраметавалі сістэму вышэйшай прыватнай адукацыі”, — растлумачыў У.Здановіч. Гэтымі рэктарамі “былі парушаныя законы, наносілася шкода студэнтам”, удакладніў ён. “Як дэпутату мне прыходзілася займацца пытаннямі пераразмеркавання тых студэнтаў, якія вучыліся ў зачыненых ВНУ. Гэта даволі цяжкі працэс”, — сказаў парламентарый.

Уладзімір Здановіч заявіў, што ліквідаваць сістэму прыватнай адукацыі ніхто не збіраецца, але і патрабаванні да дзейнасці “прыватнікаў” як былі, так і будуць заставацца самымі высокімі. Па словах міністра, адукацыя патрэбная не для таго, каб атрымаць “корку”, а для таго, каб узняць краіну на новы якасны ўзровень свайго сацыяльна-эканамічнага развіцця.

“Дэпутат” паведаміў, што норма аб прызначэнні рэктара закладзеная ў праект закона “Аб вышэйшай адукацыі”. Па словах У. Здановіча, “міністр адукацыі будзе прызначаць рэктара і несці за яго адказнасць”. На сённяшні дзень, як адзначыў старшыня камісіі, такое рашэнне прымае заснавальнік навучальнай установы.

Сёння ў Беларусі 12 прыватных ВНУ, у якіх навучаецца каля 58 тыс. студэнтаў.

Паводле “Хартыя’97”
‹‹ на галоўную | у архіў