БХК аспрэчыў заяву МЗС Беларусі

Беларускі Хельсінскі камітэт (БХК) выступіў з заявай, у якой аспрэчвае сцвярджэнні прэс-сакратара МЗС Беларусі з нагоды высяленні арганізацыі з занятых памяшканняў. У заяве гаворыцца, што насуперак сцвярджэнням Андрэя Папова, БХК своечасова плаціў арэндную плату і на момант атрымання апавяшчэння аб скасаванні дамовы нават пераплаціў арэндадаўцу.

“Запазычанасці не мелася, наадварот, пры ўзаемнай зверцы рахункаў быў высветлены лішак у карысць арэндадаўцы”, — гаворыцца ў заяве БХК, перадае БелаПАН.

“Адхіленні (і затрымкі, і перадаплата) ад графіка аплаты арэнды офіса, камунальных і эксплуатацыйных плацяжоў (каля 170 еўра штомесяц) звязаныя з умовамі, у якіх змушаны працаваць БХК: банкаўскія рахункі арганізацыі арыштаваныя з 2004 года ў сувязі з патрабаваннем інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах выплаціць падаткі і штрафныя санкцыі, накладзеныя на БХК за дзейнасць па праграме тэхнічнай дапамогі Еўрапейскага Саюза краінам СНД (Праграма ТАСИС). У гэтай жа сувязі канфіскавана маёмасць БХК, а Міністэрства юстыцыі падало іск у Вярхоўны суд аб прыпыненні дзейнасці праваабарончай арганізацыі”, — тлумачыцца ў заяве БХК.

Нагадаем, што раней ў СМІ паведамлялася, што прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў назваў БХК “неплацельшчыкамі”, а таксама паведаміў, што арганізацыю ніхто не збіраўся высяляць.

“І як вы лічыце, якая сума арэнднай платы, якую БХК павінен быў штомесяц уносіць за арэнду занятых памяшканняў? Толькі не здзіўляйцеся – 54 еўра ў месяц. Для ўсёй т.н. “беларускай дэмакратычнай грамадскасці”, а таксама для нашых партнёраў у ЕС і ЗША зазначу, што такімі, прама сказаць, палёгкавымі стаўкамі арэнднай платы БХК мае магчымасць карыстацца дзякуючы адмысловаму ўказу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзейнасць якога так кахаюць крытыкаваць і БХК, і нашы партнёры на Захадзе”, — распавёў тады Андрэй Папоў.

Паводле БелаПАН і telegraf.by
‹‹ на галоўную | у архіў