Іркуцкія Каляды
7 студзеня ў сярэдняй школе № 65 адбыліся Каляды, арганізаваныя Іркуцкім Таварыствам Беларускай Культуры. Па традыцыі іркуцкія беларусы збіраюцца ў гэты дзень разам, каб адзначыць сваё старажытнае нацыянальнае свята Каляды. Мала хто ведае: гэтае свята не проста падстава для варажбы, збору прысмакаў і забавак. Некалі Каляды мелі вялікае значэнне для людзей. Дзед (галава Роду, старэйшы сярод калядоўшчыкаў), Каза (знак урадлівасці і здароўя), Каляда (дачка Бога Сонца), Механоша (адказны за збор падарункаў і захавальнік) з’яўляліся неабходнымі персанажамі для правядзення абраду. У руках у Каляды абавязкова павінна быць Зорка — знак сонца. Людзі лічылі, што пасля правядзення абраду дзень будзе даўжэй, а ноч карацей. Сёння мы ведаем, вядома, што і без зоркі дзень будзе прыбываць, але ўсё ж цікавасць да свята ёсць, і доказ таму — поўная зала.
Праграма свята складзеная такім чынам, што проста гледачоў няма, калі ўжо ты не адгадаў загадку або не адказаў на пытанне, то тады абавязкова павінен таньчыць.
Усё свята праходзіць у тры аддзяленні. Першае аддзяленне — гэта ўрачыстая частка, калі госці бачаць як калядавалі нашы продкі з даўніх часоў. Усе водзяць карагод, у які ўключаныя элементы танца, юныя паненкі варожаць на жаніха (якога ён будзе дастатку і становішча). Пасля чаго са сцэны гучаць народныя і аўтарскія песні.
Рыжанкоў Уладзімір, чалец абласной Радыя ІТБК, акампануючы сабе на гармоніку, выканаў песню “Каханы мой”. Адзін з актывістаў Таварыства Дзямідаў Алесь пад гітару праспяваў “Простыя словы” і “Песні начных сустрэч”. І Моладзевы клуб “Крывічы” пацешылі гасцей сваім талентам — са сцэны загучала песня “Прымак”, прысвечаная нялёгкаму лёсу “прымака” (мужа, які пражывае ў хаце бацькоў жонкі, не мае свайго слова і не можа ні з кім спрачацца).
Не меней таленавіта выступіў народны ансамбль “Ветераночки” з Чарамхоўскага раёна, які выканаў народныя беларускія песні. Дарэчы, калектыў “Ветераночек” існуе ўжо каля 35 гадоў. Зараз у склад ансамбля ўваходзяць адзінаццаць чалавек, а самай старэйшай яго выканаўцы хутка споўніцца 80 год. Хоць некаторыя з “ветераночек” і прызналіся мне, што голас ужо стаў не такі моцны і гучны, але ўсё роўна іх спеў і беларускія строі пакінулі прыемнае ўражанне.
Адным з сюрпрызаў свята стаў выступ вядомай рок-спявачкі Касі Камоцкай, якая адмыслова прыехала з Беларусі.
Так падышла да канца першая частка свята і распачалася другая, якая ўжо даўно аб’ядноўвае людзей — застолле. Прамаўляліся тосты, як гэта звычайна бывае за сталом. З Калядамі і Новым годам Таварыства і ўсіх гасцей павіншавалі Шастаковіч Баляслаў, прадстаўнік польскай аўтаноміі “Крэсіва”, Фагіля Хасанаўна, кіраўнік татарскага інтэлектуальнага клуба гарадская аўтаномія “Ватан”, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары.
Каб госці не нудзіліся, арганізатары правялі віктарыну, дзе ў кожнага застаўся на памяць невялікі падарунак. Альбо ручка, альбо сурвэтка, альбо звязак абаранкаў, а самыя шчаслівыя выйгралі грашовы прыз у памеры 1 капейкі. Дробязь, але ўсё жа прыемна.
Завяршальным этапам мерапрыемства стала дыскатэка. Пад беларускую музыку выконвалі беларускія танцы.
Шмат прыемных уражанняў, усмешак і добрага настрою падаравала гасцям гэтае свята. І я думаю, усе ўдзельнікі будуць з нецярпеннем чакаць наступнага года, каб зноў сабрацца ўсім разам і адсвяткаваць Каляды.
Аксана Хвясюк,
Сябра МК “Крывічы” ІТБК (Іркуцк)
|