У Польшчу і Нямеччыну перастала паступаць нафта

Міністэрства эканомікі Польшчы заявіла, што спыненне паставак звязанае з расійска-беларускім канфліктам у справе коштаў на нафту. Прадстаўнік прадпрыемства, якое абслугоўвае нафтаправод, заявіў, што ня ведае, чаму і на якой падставе спыненыя пастаўкі нафты. “Мы яшчэ ноччу накіравалі беларускаму боку ліст у гэтай справе, але адказу дагэтуль няма”, — заявіў ён.

“Наколькі нам вядома, гэта звязана са спрэчкай паміж Расіяй і Беларуссю у справе экспартных пошлінаў” — сказаў намеснік міністра эканомікі Польшчы Пётр Наімскі тэлеканалу TVN24.

Паводле Пятра Наімскага, перабоі пачаліся каля 22 гадзіны ў нядзелю, потым нафта некалькі гадзінаў паступала ізноў а ноччу пастаўкі былі цалкам спыненыя. Пётр Наімскі заявіў, што “мы маем справу практычна з закрыццём крану”. Але, паводле ягоных словаў, падстаў для панікі няма – акрамя ўласных запасаў краіна мае таксама стратэгічны запас нафты, якога хопіць на 80 дзён.

Афіцыйны Мінск адмаўляецца каментаваць спыненне паставак, паведамляе AFN.

“Напаўняльнасць трубаправодаў – гэта канфідэнцыйная інфармацыя”, — адказаў Reuters прадстаўнік канцэрну Белнафтахім Віктар Азараў.

Ад 1 студзеня Беларусь увяла пошліны на транзіт расійскай нафты ў Заходнюю Еўропу ($45 за тону).

За 2005 год аб’ем транзіту нафты праз Беларусь склаў болей за 90 мільёнаў тон.

Паводле радыё “Свабода”
‹‹ на галоўную | у архіў