Беларуская царква ў Антверпене

У бельгійскім Антверпене ўжо больш за тры гады існуе грэка-каталіцкая беларуская царква, якая створаная супольнымі намаганнямі беларусаў, што жывуць у Бельгіі і іншых суседніх краінах. Гэта, бадай, адзіны выпадак у Еўропе сярод беларусаў-эмігрантаў новай хвалі.

Царква Святога Сэрца на антверпенскай вуліцы Lange Beeldekensstraat па незвычайным для беларускай архітэктуры спосабу ўціснутая паміж жылых дамоў так, што адразу гэты прыгожы будынак цяжка знайсці. Аднак кожную нядзелю ад 11 гадзін у царкве ўжо чуваць беларускую мову, так што адразу разумееш – гэта правільны адрас. Павал Хівук – беларускі студэнт з французскага Лілю, кожную нядзелю едзе ў Антверпен, каб весці заняткі ў царкоўнай школе для дзяцей вернікаў-беларусаў.

Павал Хівук кажа, што “кожны занятак пачынаецца з малітвы, потым вывучаецца гісторыя з Бібліі, потым пытанні па вывучаным матэрыяле. Вось апошнім часам мы рыхтаваліся да Калядаў, дык увесь час і тэма была – Каляды”.

Дзеці ахвотна дэманструюць свае веды (чытае верш дзяўчынка):
“Дзень Калядны слаўны – Хрыста нараджэнне,
Пасланца з Нябёсаў, свету на збаўленне...
Устань жа, не спазніся, прывітаць дзіцятка,
Да жыцця ачніся беларусе-братка!”

Тым часам да імшы рыхтуецца айцец Ян Майсейчык, без высілкаў якога, як кажуць вернікі, беларускай царквы ў Антверпене не было б. Ідэя стварэння беларускай парафіі з’явілася ў 2002 годзе, ужо ўлетку наступнага года ў царкве Святога Сэрца адбылося першае набажэнства, хаця на пачатку да беларусаў паставіліся з недаверам, палічыўшы іх праваслаўнымі, якія ўступілі ў канфлікт з рускай Праваслаўнай царквой, якая таксама ёсць у Антверпене.

Айцец Майсейчык распавядае: “Калі мы патлумачылі, што наша царква мае іншае паходжанне, што яна адносіцца да іншага народу, адрознага ад расійскага, тады біскуп зацікавіўся і вось нядаўна наведаў гэтую парафію – і фламандскую супольнасць, і нашу, але ехаў ён менавіта да нас, так што фламандцы нават зайздросцілі, што біскуп прыехаў менавіта да беларусаў, а не да іх”.

На імшы прысутнічаюць звычайна ад 20 да 40 беларусаў. У часе набажэнства вернікі моляцца не толькі за Беларусь, але і за суседнія народы.

Малітва: “За Богам сцеражоныя народы украінскі, польскі і расейскі і ўсе народы, лёсы якіх перасекліся з лёсам народу нашага Госпаду памолімся....”

Для беларусаў-вернікаў, царква мае не толькі рэлігійнае значэнне — тут нават не ўжываецца слова прыход, але менавіта супольнасць.

Гаворыць парафіянін Зміцер Піменаў, які напярэдадні атрымаў званне архіакаліта: “На сённяшні дзень, мы – гэта адзіная сям’я. Мы адчуваем сябе той грамадой, якая дае нам сілы і ўпэўненасць у заўтрашнім дні”.

Напрыканцы кожнага набажэнства абавязкова гучыць гімн “Магутны Божа”.

Паводле радыё “Свабода”
‹‹ на галоўную | у архіў