У Іркуцк запрасілі Касю Камоцкую

У гэтым годзе ў Іркуцк на Каляды прыязджае з Беларусі вядомая рок-спявачка Кася Камоцкая. “Іркуцкае Таварыства Беларускай культуры імя Я. Чэрскага” запрашае ўсіх на творчую сустрэчу-канцэрт лідэра вядомага беларускага гурта “Новае Неба”.

Вядомасць беларускага ансамбля “Новае Неба” і яго салісткі Касі Камоцкай зараз на ўзроўні, калі для некаторых замежнікаў сучасная Беларусь асацыюецца менавіта з імі. Кася Камоцкая — лідэр ансамбля “Новае Неба” (стыль жорсткага indie-rock), узнагароджана рок-каронай Беларусі. Гэты гурт можна параўнаць з вядомым усім “Led Zeppelin”.

Увогуле, у творчым лёсе Касі было два яскравых перыяду: бардаўскі і рокерскі. Яна выконвае песні на вершы Адама Глобуса, Анатоля Сыса, Таццяны Сыпач, Ігара Бабкова, Лявона Вольскага і інш.

На яе канцэрце ў Іркуцку гледачы змогуць не толькі пазнаёмяцца з творчасцю спявачкі, але і наблізіцца да сучаснай беларускай культуры, і, што вельмі важна для беларусаў Іркуцка, — пачуць беларускую гаворку!

Творчая сустрэча-канцэрт адбудзецца 8 студзеня 2007 года ў 13:30 у Доме Акцёра, зав. Хасанаўскі, 1 (каля тэатра Ахлопкава). Кошт білета 130 руб.

Паводле інфармацыі ад ІТБК імя Я. Чэхрскага
і ад Алены Сіпаковай
‹‹ на галоўную | у архіў