“Бацькаўшчыну” выклікаюць у суд
Судовае пасяджэнне Гаспадарчага суда г. Мінска па справе аб скасаванні дагавора арэнды з МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” прызначана. Яно адбудзецца 5 снежня г.г. у 14.30 у будынку Гаспадарчага суда г. Мінска па адрасу: вул. Свярдлова, 3, каб 301. Справу будзе разглядаць суддзя Мельнікава.
На падрыхтоўку да суда “Бацькаўшчына” мае літаральна 5 дзён, 2 з якіх – выходныя, бо вызначэнне аб прыняцці іскавай заявы ад КУП “Мінская Спадчына” і ўзбуджэнні справы аб скасаванні дагавора арэнды Згуртаванне атрымала 30 лістапада.
Нагадаем, што права арэнды на 25 гадоў (да 2018 г.) у будынку па вул. Рэвалюцыйнай, 15, “Бацькаўшчына” атрымала ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і распараджэннем Мінгарвыканкама. Ніводны з гэтых дакументаў не страціў юрыдычную сілу.
У гэтым годзе было прынята рашэнне аб правядзенні будаўніча-мантажных работ у згаданым будынку, у сувязі з чым і былі выселеныя ўсе арандатары. “Бацькаўшчына” не стала выключэннем і 7 жніўня г.г. вызваліла займаемыя памяшканні, каб не замінаць праводзіць будаўнічыя работы (якія, дарэчы, так і не пачаліся).
У судзе “Бацькаўшчына” гатова абгрунтавана выкласці сваё бачанне сітуацыі і аргументавана даказаць, што юрыдычных падставаў для скасавання дамовы арэнды - адпаведна, пазбаўлення Згуртавання юрыдычнага адрасу – няма.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць:
+ 375 29 632 00 92 Алена Макоўская, старшыня Рады
+ 375 29 625 83 78 Ніна Шыдлоўская, намесніца старшыні Рады
|