Журналісты за дзвярыма…

Расійскія журналісты з незалежных СМІ, акрэдытаваныя на сустрэчы прэзідэнтаў СНД у Мінску, пакінулі саміт і адмовіліся асвятляць яго. Гэты дэмарш быў зроблены на знак салідарнасці з іх калегамі – карэспандэнтамі “Московского комсомольца” і “Коммерсанта”, якія не былі дапушчаныя на сустрэчу ў вярхах, хаця і мелі акрэдытацыю.

Прадстаўнік прэсавай службы прэзідэнта Расіі паведаміў, што на саміце засталіся толькі прадстаўнікі дзяржаўных медыяў, “каб грамадзкасць ведала, што адбываецца на саміце”.

Кіраўнік расейскага саюзу журналістаў Ігар Якавенка патлумачыў, што “ўсе журналісты прэзідэнцкага пулу падтрымалі сваіх калегаў і адмовіліся асвятляць тое, што суправаджалася гэткай агіднасцю. Я лічу, што гэта добрая навіна,” – заявіў Ігар Якавенка і дадаў, што “расейскія ўлады не дазваляюць сабе такога хамства адносна журналістаў”.

Беларускі бок лічыць абгрунтаваным сваё рашэнне не дапускаць да асвятлення саміту СНД журналіста “Московского комсомольца”, а таксама фотакарэспандэнтаў гэтага выдання і газеты “КоммерсантЪ”. З такой заявай выступіў кіраўнік прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі Павал Лёгкі. Ён патлумачыў, што незадоўга да саміту ў гэтых выданнях былі апублікаваныя матэрыялы і фотаздымкі, “якія абражаюць кіраўніка беларускай дзяржавы”.

Абразіўшы прэзідэнта Беларусі, журналісты “Московского комсомольца” і “Коммерсанта” абгрунтавана не прайшлі акрэдытацыю для працы ў нашай краіне, пра што яны былі паінфармаваныя, – сказаў спадар Лёгкі.

Паводле яго падобныя дзеянні расейскіх СМІ наносяць шкоду традыцыйна дружалюбным адносінам двух краінаў, якія імкнуцца стварыць саюзную дзяржаву.

Прадстаўнік прэсавай службы прэзідэнта Расіі паведаміў, што прэсавы сакратар Пуціна Аляксей Громаў спрабаваў урэгуляваць сітуацыю з журналістамі “Московского комсомольца” і “Коммерсанта” з прэсавым сакратарам кіраўніка Беларусі Паўлам Лёгкім, але Громаву не пайшлі насустрач.

Намеснік галоўнага рэдактара расійскай газеты “Московский Комсомолец” Вадзім Паэглі заявіў у інтэрв’ю Інтэрнэт-рэсурсу “Хартыя-97”, што, паводле інфармацыі выдання, загад не пускаць журналістаў “Московского комсомольца” на саміт зыходзіў асабіста ад Лукашэнкі.

Увечар прэс-служба прэзідэнта Расійскай Федэрацыі не дапусціла прадстаўнікоў беларускіх СМІ на прэс-канферэнцыю Уладзіміра Пуціна, прысвечаную падрахункам саміту СНД, якая прайшла ў Нацыянальным аэрапорту “Мінск”.

Як матывавала гэтую адмову супрацоўніца прэс-службы прэзідэнта РФ Святлана Шпарценка, “дадзенае мерапрыемства не ўваходзіць у праграму саміту. Гэтае асабістае жаданне прэзідэнта Расіі пагутарыць з прадстаўнікамі сваёй прэсы”.

Беларускім журналістам забаранілі ўваходзіць у VIP-залу аэрапорта, у якім праходзіў брыфінг.

Пасля канчатка мерапрыемства ніякіх каментарыяў з боку прэс-службы прэзідэнта РФ і расійскай прэсы не было.

Адказваючы на вечаровым брыфінгу на пытанне журналіста “Коммерсанта”, прэзідэнт Расіі сказаў, што “мы знаходзімся на беларускай зямлі, мы тут госці”, і адмовіўся ад каментарыяў. Пуцін паведаміў, што ён з кіраўніком Беларусі на двухбаковай сустрэчы падрабязна не абмяркоўваў сітуацыю вакол журналістаў. Але прэзідэнт Беларусі лічыць, што гэта – тэхнічнае непаразуменне.

Паводле БелаПАН,
БелТА, РИА “Новости”
‹‹ на галоўную | у архіў