Дзень герояў
Зянон Пазняк
З ліста адраджэнцам на ўгодкі
Слуцкага Збройнага Чыну
26.ХІ.2006. Варшава
Дарагія землякі! Віншую вас у Бацькаўшчыне ў слаўны Дзень слуцкіх герояў Беларусі! Вось прыклад выдатнай і хуткай мабілізацыі на барацьбу з ворагам. Слуцкая брыгада войска Беларускай Народнай Рэспублікі ў колькасці дзесяці тысяч жаўнераў (разам з запасам) была створана цягам ўсяго трох дзён і адразу прыступіла да баявых дзеянняў супраць расейскай “чырвонай арміі”. Гэта сапраўды быў гераічны чын, бо расейскі вораг шматкроць пераважваў у колькасці і ўзбраенні. Акрамя таго расейцам, фактычна, спрыяла польскае войска.
Тут мы бачым выразны прыклад: каб змагацца за Бацькаўшчыну – не трэба лічыць сілы ворага. За Бацькаўшчыну трэба змагацца ў любых абставінах.
Тое, што адбылося на Случчыне ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, нагадвае нам традыцыі Вялікага Княства. Калі вораг знянацку ўрываўся ў нашы межы, тады нашы продкі імгненна рабілі шляхецкае апалчэнне і ладзілі пагоню, не чакаючы княжацкага войска.
Добрая традыцыя вольных людзей. Гэта называецца – дух Пагоні. Цяперашнім беларусам (перш за ўсё маладым) трэба адрадзіць у сабе гэты дух. Ён яшчэ нам спатрэбіцца, і можа, не адзін раз, каб вечна жыла Беларусь.
Каб вечна жыла Беларусь, нам трэба аднавіць беларускую сілу ў палітыцы. Бо толькі беларускія палітыкі, што стаяць за беларускія нацыянальныя інтарэсы, здольныя абараняць Беларусь і гарантаваць будучыню нацыі. Невыпадкова расейская агентура і “гансвікі” стараліся першым чынам раскалоць і ліквідаваць Беларускі Народны Фронт, заблакаваць тую беларускую сілу, якая спыніла дзейнасць КПСС у Беларусі і вярнула незалежнасць краіне.
Слава Слуцкім змагарам!
Слава героям!
Жыве Беларусь!
26 лістапада 2006 г.
Зянон Пазняк
|