Латвія за $ 358 тыс. стала партфельным фундатарам Беларусі
Паводле апошніх дадзеных, апублікаваных Міністэрствам статыстыкі і аналізу Беларусі, Латвія больш за ўсіх ўклала партфельных інвестыцый у Беларусь. Пры гэтым, як адзначаюць латвійскія СМІ, латвійскія фундатары не куплялі дзяржаўных папер, а ўкладвалі сродкі ў набыццё каштоўных папер камерцыйных прадпрыемстваў Беларусі.
Для таго, каб стаць найбуйнейшым партфельным фундатарам, Латвіі не спатрэбілася шмат грошай, адзначае delfi.lv. У 2006 годзе ў Беларусь паступіла 430 тыс. даляраў партфельных інвестыцый, з іх 358 тыс. даляраў накіравалі латвійцы.
Партфельныя інвестыцыі, якія скіраваныя на набыццё акцый, паяў, аблігацый, векселяў і іншых пазыковых каштоўных папер, не карыстаюцца шырокай папулярнасцю ў тых, хто гатовы інвеставаць Беларусь. Як пішуць латвійскія СМІ, звязана гэта з тым, што існуюць высокія рызыкі для тых, хто ўкладае свае грошы ў беларускую эканоміку.
Бельгійскае дзяржаўнае экспартна-крэдытнае агенцтва па сямібальнай шкале (адзін бал — нізкая рызыка, сем — высокая) ацэньвае рызыку экспрапрыяцыі замежных актываў у Беларусі на шэсць балаў, паведамляе ў пятніцу, 24 лістапада delfi.lv.
Між тым, на днях амбасадар Латвіі ў Беларусі Майра Мору заявіла, што Латвія зацікаўленая ў прыцягненні беларускага капіталу на латвійскі рынак. Як падкрэсліла Майра Мору, у Латвіі існуюць праграмы “па развіцці прадпрымальніцтва, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, якія досыць добра фінансуюцца і ў якіх могуць удзельнічаць любыя прадпрыемствы, створаныя на нашай тэрыторыі, у тым ліку створаныя беларусамі”.
Яна таксама паведаміла, што Латвія прапаноўвае Беларусі выкарыстаць транзітныя калідоры і тэрыторыі латвійскіх вольных эканамічных зон, “а таксама ўдзельнічаць разам з намі ў засваенні сродкаў структурных фондаў Еўрасаюза”.
Паводле delfi.lv і
telegraf.by
|