Дзень салідарнасці на дзень нараджэння А.Казуліна
Сябры берасцейскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) выступілі са зваротам, у якім заклікаюць 25 лістапада, у дзень нараджэння Аляксандра Казуліна, правесці масавую галадоўку, даслаць палітычнаму вязню паштоўкі і лісты з віншаваннямі, а ўвечары запаліць свечкі.
Акрамя таго, берасцейскія сацыял-дэмакраты просяць Аляксандра Казуліна пасля 25 лістапада спыніць бестэрміновую галадоўку.
Сёння, 23 лістапада пайшоў 35-ты дзень галадоўкі Аляксандра Казуліна. Яго жонка, Ірына Казуліна, даведваецца пра стан здароўя палітыка праз намесніка начальніка калоніі. Адвакату Казуліна Ігару Рынкевічу адмовілі ў сустрэчы з асуджаным на той падставе, што побач з Казуліным заўсёды знаходзіцца нехта з дактароў і таму нібыта немагчыма забяспечыць канфідэнцыйнасць кантактаў.
Паводле Ірыны Казулінай, Аляксандар Казулін цяпер важыць 73 кілаграмы. Рост палітыка — 188 сантыметраў. Да арышту 25 сакавіка Казулін важыў 103 кілаграма.
Паводле радыё “Свабода”
|