Віншуем са стагоддзем “Нашу Ніву”!
Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашай ніваю,
І будуць жыць дзеткі патомныя
Добраю доляй – доляй шчасліваю!..
Янка Лучына
Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” мае гонар павіншаваць першую беларускую газету “Наша Ніва” са стагоддзем.
“Наша Ніва”, утвораная яшчэ ў 1906 годзе, 23 лістапада афіцыйна святкуе свой стогадовы юбілей. Сёння гэта грамадска-палітычны штотыднёвік, выхад якога адноўлены з 1991 года. Газета набыла беспярэчную папулярнасць сярод інтэлігенцыі, моладзі, беларускага асяродку.
Не гледзячы на тое, што ў 2005 годзе ўлады забаранілі распаўсюджваць газеты праз “Белпошту” і “Белсаюздрук”, яна жыве! І зараз яе можна атрымаць, дзякуючы створанай сістэме распаўсюджвання, праз рассылку поштай і кур’ерскую дастаўку. Да таго ж, рэдакцыя ідзе ў крок з часам і з 2006 года “Наша Ніва” пакарыла віртуальную прастору. Зараз на сайце газеты (http://nn.by/) можна чытаць своечасовую інфармацыю, а падпісчыкі на PDF-версiю маюць магчымасць чытаць “НН” (у арыгінальным, папяровым выглядзе), у любой частцы свету.
23 лістапада рэдакцыя газеты “Наша Ніва” правядзе дзве вечарыны (з прычыны невялікага памеру памяшкання) і фуршэт на сядзібе БНФ. Даведацца дакладней аб запланаваных мерапрыемствах з нагоды стогадовага юбілею вы можаце на сайце газеты (на старонцы: http://nn.by/index.php?c=ar&i=4835).
На нашым сайце да Вашай увагі артыкул, прысвечаны газеце-юбіляру “Маці беларускай нацыянальнай перыёдыкі” Леаніда Лыча, прафесара, доктара гістарычных навук.
Жадаем “Нашай Ніве” захаваць статус першай беларускай газеты, не мець перашкод у выданні і адзначыць 200-гадовы юбілей.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|