З Казуліным галадала ўжо больш 50 чалавек
У галадоўцы салідарнасці з Аляксандрам Казуліным, якая пачалася 30 кастрычніка прадстаўнікамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) ў Брэсце, ужо прыняло ўдзел больш 50 чалавек. Гэта без уліку мінчукоў, якія таксама падтрымалі акцыю.
Сярод зарэгістраваных у Брэсце ўдзельнікаў галадоўкі салідарнасці — прадстаўнікі БСДП (Грамада), Партыі камуністаў Беларускай, Партыі БНФ, беспартыйныя, якія працавалі ў перадвыбарным штабе экс-кандыдата ў прэзідэнты. У асноўным гэта жыхары вобласці, а таксама Гродна, украінскага горада Ковеля і некалькі студэнтаў-беларусаў, якія вучацца ў Польшчы. 18 лістапада сутачную галадоўлю правёў старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Юрый Губарэвіч.
“У спісе тых, хто яшчэ возьме ўдзел у акцыі ў найбліжэйшыя дні — 10 чалавек. Але рэальна іх будзе больш. Кожны дзень з’яўляюцца новыя звесткі аб тых, хто мае намер падтрымаць акцыю. Мы ўключаем іх у спіс і складаем графік правядзення галадоўкі такім чынам, каб ланцужок галадаючых не перарываўся. У сярэднім у дзень галадае ад трох да сямі чалавек. Кожны выбірае для сябе сам колькасць дзён, якія ён абыходзіцца без ежы. Мы рэкамендуем галадаць адзін-пяць дзён (без нанясення шкоды арганізму), што дазволіць працягваць актыўную дзейнасць. Такі тэрмін можа вытрымаць кожны чалавек. Акцыя будзе працягвацца датуль, пакуль галадае Аляксандр Казулін”, — паведаміў БелаПАН старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі.
Нагадаем, акцыю “Галадоўка салідарнасці з Аляксандрам Казуліным” 30 кастрычніка пачала старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс, якая галадала да 3 лістапада. Мэта акцыі — прыцягнуць увагу беларускай і міжнароднай грамадскасці да лёсу экс-кандыдата ў прэзідэнты А.Казуліна, які быў асуджаны на пяць гадоў і шэсць месяцаў пазбаўлення волі і які ў знак пратэсту абвясціў бестэрміновую галадоўку 20 кастрычніка.
БелаПАН
|