Прэзентаваны “Ахвяры свяшчэннага дубу”
15 лістапада Вольга Іпатава правяла прэзентацыю сваёй новай кнігі “Ахвяры свяшчэннага дубу”. Урачысты вечар распачаўся а 18-й гадзіне на сядзібе БНФ.
Зала была запоўнена прыхільнікамі творчасці аўтаркі: сябрамі, гісторыкамі, выдаўцамі, журналістамі, моладдзю. Прысутнічалі і Лідзія Савік, і Уладзімер Конан, і Алег Трусаў, “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” прадстаўлялі старшыня рады – Алена Макоўская і намесніца старшыні – Ніна Шыдлоўская.
У сваёй уступнай прамове аўтарка прэзентацыйнай кнігі “Ахвяры свяшчэннага дубу” распавяла аб натхненні і творчасці, аб тым, што яе падштурхнула да гісторыка-даследчай творчасці. Дарэчы, гэтаму паспрыяла сутыкненне з непавагай да беларусаў з боку адной прадстаўніцы з Літвы, якая выказалася, што “беларусы праспалі сваю гісторыю...”. І спадарыня Вольга Іпатава зараз вяртае скрадзеную гісторыю, даследуе мінулае нашай краіны, уздымае з глыбінь вякоў забытыя імёны вялікіх беларусаў і памяць аб іх дзеяннях.
Дарэчы, спадар Уладзімер Конан называе творы Вольгі Іпатавай доктарскімі дысертацыямі, якія хоць зараз можна абараняць. Але спадарыня Вольга на такія прапановы чамусьці толькі пасміхаецца і кажа, што яна не марыць быць доктарам гістарычных навук, а жадае адрадзіць гісторыю Беларусі, зацікавіць ёю моладзь, каб новыя пакаленні паважалі сваю радзіму.
Пасля прамовы, аўтарка папрасіла выступіць сваю сябру, літаратуразнаўцу і крытыка – Лідзію Савік. Калісьці спадарыня Савік падштурхнула Вольгу Іпатаву кінуць працу ў газеце “Культура” і пачаць творчую дзейнасць. І цяпер мы можам чытаць цудоўныя гісторыка-даследчыя раманы, прыгожыя вершы, за якія і дзякавала Лідзія Савік аўтаркі.
Наступнай выступала старшыня МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, Алена Макоўская. Пры дапамозе аб’яднання была выдадзеная кніга “Ахвяры свяшчэннага дубу”. Як заўважыла Вольга Іпатава — зараз яна не давярае дзяржаўным выдавецтвам, пасля таго, як поўны наклад яе кнігі “Альгердава дзіда” (аплачаны з кішэні аўтаркі) год праляжала арыштаванай за даўгі выдавецтва “Беларуская літаратура”.
Спадарыня Алена Макоўская падзякавала Вольгу Іпатаву за прыемнае і плённае супрацоўніцтва, дадала, што зараз рыхтуецца чарговая кніга аўтаркі і пашкадавала, што сёння дзяржаўныя выдавецтвы не займаюцца адраджэннем выдання беларускіх і беларускамоўных кніг. Што аўтар, акрамя таго, што сваімі намаганнямі рыхтуе матэрыял, так яшчэ і сам шукае грошы для выдання кнігі.
Наступным слова ўзяў рэдактар газеты “Наша слова” Алег Трусаў. Ад яго спадарыня Вольга пачула шмат камплементаў. Старшыня Таварыства беларускай мовы, дацэнт, кандыдат гістарычных навук, археолаг адзначыў унёсак спадарыні Вольгі ў адраджэнне мовы і гісторыі: “Кніга напісана шыкоўнай, чыстай мовай, без русізмаў. Аўтар добра ведае мову і цудоўна адлюстроўвае эпоху аб якой піша”.
У заключэнні цудоўнага вечара выступіў госць спадарыні Іпатавай, выдавец вілейскага бюлетэню, бард, Алесь Карневіч. Ён прыехаў спецыяльна каб папрысутнічаць на прэзентацыі, і ў гонар аўтаркі спець некалькі сваіх песняў.
Але госці не спяшаліся разыходзіцца, таму Вольга Іпатава прачытала па іх просьбе некалькі сваіх вершаў, пасля чаго працягнула прымаць віншаванні...
Больш падрабязную інфармацыю пра кнігу глядзіце: http://www.zbsb.org/n2/587.shtml
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Дар’я Сацукевіч
|