Польскае тэлебачанне для Беларусі пачне вяшчанне ў лютым 2007 года

Незалежнае спадарожнікавае тэлебачанне для Беларусі, па словах арганізатараў, пачне сваё вяшчанне на краіну ўжо ў лютым 2007 года. Кіраўніцтва праекту разлічвае прыцягнуць каля паўмільёна беларускіх тэлегледачоў. Каардынатар праекту Агнешка Рамашэўска паведаміла, што ствараць праграмы для тэлебачання будуць беларускія журналісты.

“Касцяк калектыву – гэта, безумоўна, беларускія журналісты, якія будуць працаваць па абодвух баках – і ў Польшчы, і ў Беларусі. Тут жа, у Варшаве, будуць працаваць разам з польскімі”, — паведаміла ў інтэрв’ю беларускай службе Deutsche Welle Агнешка Рамашэўска.

“Мы гатовыя да таго, што журналісты могуць не атрымаць акрэдытацыю. І тут ужо ўсё залежыць ад рашэння самога журналіста – як ён будзе працаваць у такіх умовах і ці захоча. Нягледзячы на гэта, будзем старацца ўрэгуляваць усе фармальнасці з працай нашых аўтараў у Беларусі”, — распавяла каардынатар праекту стварэння беларускага тэлебачання ў Польшчы.

Агнешка Рамашэўска лічыць, што ў стваральнікаў новага тэлебачання атрымаецца застацца незалежнымі ў асвятленні падзей у Беларусі.

“Мы, як грамадскае тэлебачанне, па законе маем гарантаваную незалежнасць. Дзяржаўныя структуры не могуць умешвацца ў канцэпцыю нашых перадач. Падмуркам новага тэлебачання з’яўляецца яго поўная незалежнасць. Незалежнасць не ад разумнага сэнсу, не ад поглядаў рэдакцыі, а ад палітычнай кан’юнктуры і палітычных замоў”, — выказала надзею кіраўнік праекту.

Агнешка Рамашэўска паабяцала, што новае тэлебачанне будзе асвятляць не толькі палітычныя падзеі, але і культурнае жыццё краіны.

Раней, з 23 па 24 верасня 2006 года, у Вільнюсе прайшоў круглы стол “Перспектывы і эфектыўнасць медыяпраектаў для Беларусі. Радыё і тэлебачанне”, падчас якога былі абмеркаваныя перспектывы вяшчання на Беларусь незалежных радыё- і тэлепраектаў.

“Тэлеканал спадарожнікавага тэлебачання разглядаецца зараз як перспектыўны праект, паколькі колькасць беларусаў, якія маюць спадарожнікавыя талеркі, павялічваецца з кожным годам практычна ў два разы”, — гаварылася ў паведамленні, распаўсюджаным па падрахунках круглага стала прэс-службай АГП.

У верасні 2005 года Еўракамісія абвясціла конкурс на лепшы праект замежнага тэлевяшчання на тэрыторыю Беларусі. У лістападзе Еўракамісія адабрала чатырох прэтэндэнтаў, якія прымалі ўдзел у тэндэры на лепшы праект арганізацыі вяшчання для Беларусі.

У выніку было прынятае рашэнне, што арганізацыяй замежнага вяшчання на Беларусь будзе займацца кансорцыум, які ўзначальвае нямецкая тэлекампанія “Медыя Консалта”. Тэлевізійныя праграмы для Беларусі рыхтуе каманда расійскага тэлеканала RTVi. Пачынаючы з 26 лютага штодня па мінскім часе тэлепраграмы аб Беларусі выходзілі на хвалі 11013 Мгц спадарожніка HOTBIRD6, 13° East (хваля тэлеканала RTVi).

Паводле Deutsche Welle і
telegraf.by
‹‹ на галоўную | у архіў