Расія не гатовая ісці на саступкі Беларусі
Крыніца ў Крамлі пракаментавала заяву прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па падрахунках яго візіту ў Маскву. У інтэрв’ю расійскаму выданню “Камерсант”, ананімны службовец ва ўрадзе Расіі заявіў, што расійскі бок гатовы купіць “Белтрансгаз” толькі за 1,5-2 млрд. даляраў.
“За 17 млрд. даляраў нам нічога не трэба. 1,5-2 мільярда даляраў за ўвесь “Белтрансгаз”, — адзначыў крамлёўскі чыноўнік.
Па меркаванні расійскіх аналітыкаў, прапанаваны Аляксандрам Лукашэнкам кошт за беларускага газа-транспартнага манапаліста надае “жаданне пагандлявацца і расцягнуць пераходны перыяд мяккага рэжыму коштаў на газ замест двух гадоў на даўжэйшую перспектыву”.
Таксама стала вядома пасля візіту прэзідэнта Беларусі ў Расію, што расійскія рэгіёны запатрабавалі ад урада навесці парадак у гандлі цукрам у краіне.
У лістах да прэм’ер-міністра Расіі Фрадкова кіраўнікі рэгіёнаў пішуць, што “на фоне збору ўраджаяў... на айчынным цукровым рынку назіраецца рэзкае падзенне коштаў на цукар: завадскі кошт знізілася з 21 да 14 расійскіх рублёў за кг., гэта значыць да ўзроўню ніжэй сабекошту бураковага цукру”.
Па меркаванні кіраўніцтва расійскіх рэгіёнаў, галоўная прычына падзення коштаў – “у нарастаючых аб’ёмах паставак белага цукру з Беларусі”, — паведамляе “Камерсант”.
“У 2005 годзе вытворчасць бураковага цукру – 399 тыс. тон, у 2006 – 450 тыс. тон, пры гэтым унутраная патрэбнасць Беларусі складае 350 тыс. тон у год. Імпарт беларускага цукру ў Расію вырас з 2002-го па 2005 год з 328 тыс. да 401 тыс. Тон”, — гаворыцца ў лісце башкірскага прэзідэнта Муртазы Рахімава.
Кіраўнікі рэгіёнаў Расіі патрабуюць увесці мыты на беларускі цукар. “Калі мытная стаўка будзе ўведзеная, мы будзем у аднолькавых умовах з беларускімі вытворцамі, але ім прыйдзецца плаціць яшчэ за транспарціроўку прадукцыі ў Расію”, — заявіў кіраўнік дэпартамента аграрнай палітыкі і прыродакарыстання Арлоўскай вобласці Вячаслаў Сяроў.
Паводле “КоммерсантЪ”
|